Новы ўрад Літвы плануе ўзмацняць ціск на Беларусь не безумоўна, а ў адказ на яе дзеянні

3 ліпеня, Позірк. Пэўная змена падыходу да Беларусі назіраецца ў праекце праграмы 21-га ўрада Літвы (прэм’ер-міністра Міндаўгаса Сінкявічуса) у параўнанні з праграмай 20-га кабінета міністраў (Інгі Ругінене), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз абодвух дакументаў.
Праграма ўрада Ругінене ўключала 769 пунктаў, Беларусь згадвалася ў 3 з іх, Сінкявічуса — 795 і 2 адпаведна.
Абодва склады салідарныя ў тым, што “дэмакратычная і свабодная Беларусь ёсць адной з найважнейшых доўгатэрміновых мэтаў знешняй палітыкі Літвы”. Супадае іх намер “чыніць ціск на рэжым з мэтай вызвалення палітычных вязняў, спынення катаванняў, забеспячэння доступу да медыцынскай дапамогі для палітвязняў, а таксама аднаўлення ліцэнзій адвакатаў, якія баранілі палітвязняў, і забеспячэння рэальнага юрыдычнага прадстаўніцтва грамадзян”.
Стары ўрад абяцаў “дамагацца адказнасці беларускага рэжыму за арганізаваны ўвоз мігрантаў, які стварыў пагрозу жыццям людзей і парушыў міжнароднае права”, а таксама “ўмацоўваць захады па барацьбе з нелегальнай міграцыяй”. Новае мае намер дамагацца адказнасці “за арганізаванае выкарыстанне нелегальнай міграцыі, якое стварыла пагрозу жыццям людзей і парушыла міжнароднае права”, “умацоўваць барацьбу з нелегальнай міграцыяй ды іншымі гібрыднымі атакамі”.
Урад Ругінене канстатаваў, што “цяперашні аўтарытарны рэжым Беларусі нясе пагрозу для Літвы, бо Беларусь з’яўляецца палітычным і ваенным саюзнікам Расіі”, і абавязваўся прадпрымаць “актыўныя дзеянні для далейшага падтрымання міжнароднай ізаляцыі Расіі і Беларусі”.
У праекце праграмы Сінкявічуса наўпрост не пазначана, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі — пагроза для літоўскай дзяржавы. Замест безумоўных “актыўных дзеянняў” па ізаляцыі Мінска ставіцца ўмова: “Калі Беларусь працягне падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны або будзе ажыццяўляць гібрыдныя атакі супраць ЕС або Украіны, мы будзем узмацняць ізаляцыю і ціск”.
20-ы ўрад прызнаваў Беларускую АЭС пастаяннай пагрозай для Літвы і абавязваўся захоўваць пытанне пра яе небяспеку “ў палітычным парадку дня ЕС з мэтай яе закрыцця да вырашэння ўсіх праблем аховы навакольнага асяроддзя і ядзернай бяспекі”. У праекце праграмы 21-га дэкларуецца намер “працягваць узнімаць пытанне небяспечнай” БелАЭС “у міжнародных фарматах” і дамагацца таго, каб Беларусь “выконвала найвышэйшыя стандарты ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама датрымлівалася міжнародных абавязацельстваў”. Патрабавання пра закрыццё станцыі няма.
І нарэшце, урад Ругінене заяўляў, што будзе “і надалей дамагацца дэмакратычных выбараў у Беларусі пад назіраннем прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці”. У праекце праграмы ўрада Сінкявічуса пра гэта нічога не гаворыцца.
30 чэрвеня Сейм Літвы зацвердзіў кандыдатуру 42-гадовага старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Міндаўгаса Сінкявічуса на пасаду прэм’ер-міністра, у той жа дзень прэзідэнт Гітанас Наўседа падпісаў указ пра яго прызначэнне. Ад гэтага моманту распачаўся 15-дзённы тэрмін, на працягу якога прэм’ер мае вызначыць склад урада (па кожным кандыдаце ў міністры трэба атрымаць згоду прэзідэнта, які прызначае іх асобнымі ўказамі, тыя прыносяць прысягу), а таксама прадставіць у Сейм праграму на зацвярджэнне (унесеная 3 ліпеня).
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаНелегальныя мігранты 100 дзён запар спрабуюць трапіць з Беларусі ў ЛатвіюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ГрамадстваЗа перыяд анамальнай спякоты ў Беларусі абнавілася 147 тэмпературных рэкордаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



