Мінск 19:14

Распачатая спецвытворчасць у дачыненні яшчэ да трох чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў праваабарончай ініцыятывы Dissidentby

Ілюстрацыя: sk.gov.by

28 жніўня, Позірк. Пра пачатак 28 жніўня спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да трох чалавек паведаміў Следчы камітэт. Усім траім прапанавана з’явіцца ў орган крымінальнага пераследу па адрасе: Мінск, вул. Першамайская, 7.

Спецвытворчасць распачатая ў дачыненні да Яўгена Разумко (1979 г.н.; паводле ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 14 і арт. 362 Крымінальнага кодэкса).

Таксама спецвытворчасць распачатая паводле ч. 1 арт. 3611, ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 130, ч. 4 арт. 16 і арт. 3691, ч. 4 арт. 16 і ч. 1 арт. 368, ч. 2 арт. 3614 КК у дачыненні да Вячаслава Касінерава 1988 г.н. і ягонай жонкі Марыны Касінеравай 1994 г. н. (ёй інкрымінаваныя таксама ч. 1 і 2 арт. 3611).

Прадстаўнікі беларускага анархісцкага руху Касінеравы — адны са стваральнікаў ініцыятывы Dissidentby, якая дапамагае палітвязням і іншым рэпрэсаваным у Беларусі. Арганізацыя факусуецца на дапамозе тым, каго з розных прычын не прызналі палітвязнямі.

26 снежня 2023 года “экстрэмісцкім фарміраваннем“ была прызнаная супольнасць у “Фэйсбуку“ “Письма Солидарности Беларусь 2020“. Да платформы, паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, была датычная Марына Касінерава.

У апошні час СК зноў актывізаваў адкрыццё спецвытворчасці. У студзені 2026 года іх было распачата 2, у лютым — таксама 2, у сакавіку і красавіку — ніводнай, у траўні — 6, у чэрвені — 2, у ліпені — 4, з пачатку жніўня — 5.

Працэдура спецыяльнай вытворчасці прымяняецца па 34 складах злачынстваў. Сярод іх — акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, дзяржаўная здрада, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да ўвядзення санкцый.

Працэдура спецвытворчасці па лініі СК ўжывалася ў дачыненні мінімум да 186 чалавек.

Даведка “Позірку“:

арт. 293 КК — масавыя беспарадкі;

ч. 1 арт. 14 — замах на злачынства;

арт. 362 — забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;

арт. 3612 — фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання;

ч. 4 арт. 16 — дапамаганне ў здзяйсненні злачынства;

арт. 130 — наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

ч. 2 арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Падзяліцца: