Мінск 20:13

У спіс “экстрэмістаў“ дададзена 12 чалавек, у іх ліку адзін палітвязень і адзін грамадзянін Літвы

28 жніўня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 28 жніўня ўключыла яшчэ 12 чалавек у спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці“. Усяго ў пераліку цяпер 6.836 пазіцый.

З пазнакай “адбывае пакаранне“ ў спіс уключаны асуджаны 3 жніўня, у тым ліку па справе “Беларускага Гаюна”, на 3,5 гада пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 600 базавых велічынь (27 тыс.рублёў) палітвязень Віктар Гурын (арт. 130, 368, 369, 3614 КК).

Паводле звестак праваабаронцаў, ён “у 2020 і 2021 годзе пакідаў шмат каментароў у групах у сетцы “Тэлеграм“ з негатыўнай ацэнкай дзеянняў супрацоўнікаў сілавых структур, АМАП і [Аляксандра] Лукашэнкі“.

Таксама з пазнакай “адбывае пакаранне“ пералік папоўнілі грамадзянін Літвы Дэвід Мядзведзеў (Дэвідас Станулявічус), асуджаны паводле арт. 3614 Крымінальнага кодэкса, і беларус Андрэй Кузянкоў (арт. 130).

З пазнакай “судзімасць не пагашаная“, якая, як правіла, сведчыць аб вынясенні прысуду, не звязанага з пазбаўленнем волі, у спіс “экстрэмістаў” уключаны асуджаны па арт. 130 Мікіта Кузікаў, а таксама Дзмітрый Зобачаў, Дзмітрый Кардаш, Мікалай Раманоўскі, Яраслаў Пуціцкі, Святлана Дэўдэра, Жанна Каваленка, Дзяніс Надтачэеў і Мікіта Міхадзюк, асуджаныя па артыкуле 3614 (апошні абвінавачваўся ў замаху на злачынства па арт. 14).

Даведка “Позірку“:

арт. 14 КК — замах на злачынства;

арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Падзяліцца: