Мінск 20:45

На 14 гадоў пазбаўлены волі 23-гадовы мужчына за спробу забойства і катаванне жанчын

28 жніўня, Позірк. Да 14 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 23-гадовы жыхар Віцебска за спробу забойства і катаванне жанчын, паведамляе Генеральная пракуратура.

Рашэнне вынес Віцебскі абласны суд. Фігурант абвінавачаны па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса (гл. даведку). Ён будзе адбываць тэрмін у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Згодна з матэрыяламі справы, у жніўні 2025 года малады чалавек прабраўся ў кватэру сваёй былой дзяўчыны праз акно першага паверха і на працягу некалькіх гадзін сілком утрымліваў гаспадыню кватэры і яе 17‑гадовую дачку. Ён пагражаў ім нажом, фізічным гвалтам, цягаў пацярпелых за валасы і наносіў удары.

Таксама мужчына пагражаў прымусіць непаўналетнюю прыняць небяспечнае псіхатропнае рэчыва, частку якога ўжыў сам.

Фігурант выштурхнуў 17-гадовую дзяўчыну з акна, але не даў ёй уцячы і ў прысутнасці відавочцаў не менш за два разы ўдарыў яе нажом у вобласць жывата.

Пры затрыманні віцяблянін аказаў актыўны супраціў: пры спробе схавацца ён дабег да ўстановы адукацыі, дзе разбіў шыбы, а ў момант затрымання замахваўся нажом на супрацоўнікаў міліцыі адзначае Генпракуратура.

“Для спынення супрацьпраўных дзеянняў адным з іх былі зробленыя стрэлы па ніжніх канечнасцях правапарушальніка“, — гаворыцца ў паведамленні.

Прысуд набыў моц.

21 жніўня 2025 года паведамлялася, што ў Віцебску міліцыя са стралянінай прадухіліла спробу забойства непаўналетняй. Напярэдадні раніцай на лінію “102″ патэлефанавала жанчына і паведаміла, што яе 17-гадовую дачку забівае знаёмы. Пацярпелую шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне. Затрыманага, на той момант 22-гадовага раней судзімага за наркаабарот мясцовага жыхара, таксама перадалі лекарам.

Была ўзбуджаная крымінальная справа за замах на забойства двух і больш асоб.

Даведка“Позірку”. Абвінавачанне было вынесена паводле наступных артыкулаў КК:

ч. 1 арт. 14, п. 1, 6 ч. 2 арт. 139 — замах на забойства двух і больш асоб з асаблівай жорсткасцю;

арт. 183 — незаконнае пазбаўленне волі;

арт. 154 — катаванні;

арт. 186 — пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці;

арт. 339 — хуліганства;

арт. 364 — гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Падзяліцца: