Урад Эстоніі ўхваліў забарону на куплю нерухомасці грамадзянамі Беларусі і РФ без статусу сталага жыхара — слова за парламентам

3 ліпеня, Позірк. Урад Эстоніі 2 ліпеня ўхваліў законапраект, які прадугледжвае забарону на набыццё нерухомасці грамадзянамі пэўных краін — з меркаванняў бяспекі, вынікае з паведамлення прэс-службы органа выканаўчай улады.
Дакумент надзяляе ўрад правам вызначаць краіны, “чыё валоданне нерухомасцю можа пагражаць бяспецы або грамадскаму парадку Эстоніі”.
“Першапачаткова ў гэты спіс плануецца ўключыць Расію і Беларусь, — гаворыцца ў паведамленні. — Забарона закране грамадзян гэтых краін, якія не маюць дазволу на жыхарства доўгачасовага жыхара або сталага права на пражыванне ў Эстоніі. Таксама абмежаванне распаўсюджваецца на кампаніі, зарэгістраваныя ў Расіі і Беларусі, і на юрыдычныя асобы незалежна ад краіны іх рэгістрацыі, калі іх фактычны бенефіцыяр трапляе пад дзеянне абмежаванняў”.
Абмежаванні мяркуецца распаўсюдзіць на набыццё кватэр, права забудовы і долевую ўласнасць на нерухомасць. Раней набытай маёмасці, арэнды або найму нерухомасці яны не закрануць. Акрамя таго, “у абгрунтаваных выключных выпадках” урад можа выдаць дазвол на набыццё нерухомасці, калі здзелка “не наносіць шкоды мэтам абмежавання”.
Адзначаецца, што мэта паправак да закона “Аб абмежаваннях на набыццё нерухомай уласнасці” палягае ў тым, каб “знізіць рызыку выкарыстання нерухомасці, якая знаходзіцца ў Эстоніі, варожымі дзяржавамі для выведніцкай і падрыўной дзейнасці, падрыхтоўкі сабатажу або стварэння стратэгічна важных пазіцый”.
“Расія паказала, што выкарыстоўвае для дасягнення сваіх мэтаў усе сродкі, што мае ў распараджэнні, — ад вайсковай сілы да выведніцкай, прапагандысцкай і дыверсійнай дзейнасці, — заявіў на пасяджэнні ўрада міністр унутраных спраў Ігар Таро. — Нерухомасць таксама можа даць магчымасць для стварэння ў Эстоніі сталых апорных пунктаў, збору інфармацыі або падрыхтоўкі дзеянняў паблізу стратэгічных аб’ектаў. Эстонская дзяржава не абавязаная дазваляць грамадзянам краін-агрэсараў і падкантрольным ім прадпрыемствам набываць тут нерухомасць без абмежаванняў”.
“Абмежаванне мае працаваць па сутнасці, а не толькі на паперы. Таму павінна быць выключаная магчымасць абыходу забароны шляхам стварэння кампаніі для куплі нерухомасці ў Эстоніі ці іншай еўрапейскай краіне. Пры ажыццяўленні здзелкі неабходна правяраць, хто на самай справе кантралюе прадпрыемства і ў чыіх інтарэсах набываецца нерухомасць”, — дадаў чыноўнік. Паводле яго слоў, Эстонія ў гэтым плане “дзейнічае аналагічна суседзям — Фінляндыі і Латвіі, якія ўжо ўвялі адпаведныя абмежаванні”.
Цяпер законапраект мае разгледзець парламент і — у выпадку прыняцця — падпісаць прэзідэнт. Калі дакумент паспяхова пройдзе гэтыя этапы, яго палажэнні набудуць моц 1 студзеня 2027 года.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаНелегальныя мігранты 100 дзён запар спрабуюць трапіць з Беларусі ў ЛатвіюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ГрамадстваЗа перыяд анамальнай спякоты ў Беларусі абнавілася 147 тэмпературных рэкордаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка



