Мінск 14:30

У Дзень незалежнасці Беларусі Пуцін заклікаў працягнуць умацаванне інстытутаў Саюзнай дзяржавы

Відэа: тэлеканал "Масква 24" / стоп-кадр: "Позірк"

3 ліпеня, Позірк. Дзень незалежнасці Беларусі “мае асаблівае значэнне не толькі для беларусаў, але і для расіян”, бо звязаны са “слаўнай падзеяй <…> агульнай гісторыі — вызваленнем Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, віншуючы 3 ліпеня з гэтым святам Аляксандра Лукашэнку.

Паводле слоў расійскага лідара, якія прыводзіць яго прэс-служба, “сувязі братэрскага сяброўства і ўзаемавыручкі, загартаваныя ў суровыя ваенныя гады”, сёння застаюцца “надзейнай асновай для развіцця саюзніцкіх расійска-беларускіх стасункаў”.

“Масква і Мінск плённа ўзаемадзейнічаюць на ўсіх напрамках, каардынуюць намаганні ў супрацьстаянні знешнім пагрозам і выклікам, — лічыць Пуцін. — Упэўнены, што, працягваючы ўсяляк нарошчваць шматпланавыя партнёрскія сувязі і ўмацоўваць інстытуты Саюзнай дзяржавы, мы зможам з гонарам пераадолець любыя выпрабаванні, абараніць свае законныя інтарэсы на сусветнай арэне і забяспечыць дастойную будучыню для нашых грамадзян”.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў далейшую падтрымку Мінска з боку Масквы з тым, як шчыльна яны будуць збліжацца.

Працэс актывізаваўся пасля таго, як Расія падтрымала Лукашэнку на хвалі поствыбарных пратэстаў 2020 года, а таксама пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ў лютым 2022-га, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Ціханоўская неаднаразова заклікала заходніх партнёраў не атаясамліваць рэжым Лукашэнкі і народ Беларусі, і каб Беларусь у канчатковым выніку “не была аддадзеная Пуціну як суцяшальны прыз”.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваіх аналітычных справаздачах шмат разоў заяўляў пра тое, што Масква працягвае выкарыстоўваць структуры Саюзнай дзяржавы для фактычнай анексіі Беларусі і знаходзіцца ў фінальнай стадыі гэтага працэсу.

Падзяліцца: