Мінск 16:35

Лукашэнка не з’явіўся на цырымоніі з нагоды Дня незалежнасці, бо “вырашае задачы стратэгічнага характару” — Вальфовіч

Відэа: тэлеканал "Першы інфармацыйны" / стоп-кадр: "Позірк"

3 ліпеня, Позірк. “Вырашае задачы стратэгічнага характару ў імя працвітання нашай краіны”, — такім чынам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч апраўдаў адсутнасць Аляксандра Лукашэнкі 3 ліпеня на цырымоніі ўскладання вянкоў на мемарыяльным комплексе “Курган Славы” пад Мінскам.

Напярэдадні Дня незалежнасці Лукашэнка вярнуўся з “доўгай камандзіроўкі” (26 чэрвеня — 2 ліпеня) у Расію, Кітай, Інданезію і М’янму.

Ад імя адсутнага чыноўнік павіншаваў усіх беларусаў з Днём незалежнасці, падкрэсліўшы, што “тры найцяжкія гады ва ўмовах акупацыі і мэтанакіраванай палітыкі фізічнага знішчэння мірных жыхароў” у перыяд Другой сусветнай вайны “не зламалі беларусаў”.

“Мы стаім ля “Кургана Славы”. У гэтай зямлі — боль ад стратаў, радасць перамогі, горыч акупацыі і ўрачыстасць вызвалення. Тут напамін, што незалежнасць — гэта бясцэнны здабытак, — сказаў ён. — Сённяшняе свята — не падстава для параднай рыторыкі. Сітуацыя, нажаль, у міры вельмі складаная. Міжнародная абстаноўка абвостраная да краю. Вы бачыце, што адбываецца ля нашых межаў. Нягледзячы на ​​гэта, мы кантралюем сытуацыю. Краіна пад надзейнай абаронай сілавога блока. Разам з тым незалежнасць патрабуе еднасці і агульнай адказнасці за лёс нашай дзяржавы”.

Заявіўшы пра абавязак берагчы “тое, што сёння маем”, Вальфовіч заклікаў берагчы мір (“ён тонкі”), сям’ю (“яна падмурак”) і краіну (“яна наша”).

Будучыняю Беларусі дзяржсакратар Савета бяспекі назваў моладзь — у прыватнасці тую, якая прыйшла на цырымонію. “Памяць жыве ў кожным з вас. Гэта асабліва важна сёння, калі здзяйсняюцца спробы паперакройваць падзеі мінулай вайны, сказіць яе вынікі, рэабілітаваць тых, хто стаяў на баку акупантаў. Захаваць гістарычную праўду і перадаць яе нашчадкам — наш маральны абавязак”, — заявіў ён.

Вальфовіч назваў сённяшнюю Беларусь краінай, якая “актыўна ўдзельнічае ў міжнародным парадку дня”: “Нашыя пазіцыі гучаць на пляцоўках ШАС і СНД, у дыялогу з партнёрамі ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы; візіт нашага кіраўніка дзяржавы (толькі што які, зусім нядаўна завяршыўся) у краіны Паўднёва-Усходняй Азіі — выразнае таму пацвярджэнне”.

“Беларускія ВНУ штогод прымаюць сотні замежных студэнтаў, якія вяртаюцца дадому і распавядаюць праўду пра нашу дзяржаву, — сцвярджае спікер. — Мы паслядоўна пашыраем узаемадзеянне з дзяржавамі, якія падзяляюць нашыя каштоўнасці — павага да суверэнітэту і канструктыўны дыялог. Беларусь ідзе да партнёраў як раўнапраўны палітычны суб’ект з рэальнымі кампетэнцыямі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі, медыцыне”.

Паводле слоў Вальфовіча, свет будучыні — гэта “свет, у якім кожны народ мае права на ўласны шлях”. Беларусь, заявіў ён, “паслядоўна адстойвае менавіта такую ​​архітэктуру — без дыктату, без падвойных стандартаў, на аснове павагі і ўзаемнай выгады”.

“Сапраўдная сіла XXI стагоддзя — гэта не здольнасць нашкодзіць, а здольнасць дамаўляцца, прадухіляць канфлікты і будаваць давер там, дзе яго ўжо амаль не засталося. Менавіта такой мы хочам бачыць міжнародную сістэму. Менавіта такі вобраз Беларусі мы адстойваем перад тварам усёй сусветнай супольнасці — адкрытая краіна, мірная краіна, краіна, якая мае што сказаць свету”, — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Падзяліцца: