Мінск 20:08

Пракуратура знайшла парушэнні бяспекі ў дзіцячых забаўляльных цэнтрах Гродна

Фота: пракуратура Гродна

1 ліпеня, Позірк. У Гродне пракуратура праінспектавала дзіцячыя забаўляльныя цэнтры і знайшла небяспечныя для жыцця і здароўя элементы канструкцый гульнявых комплексаў, паведаміла 1 ліпеня прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на службу інфармацыі нагляднага органа абласнога цэнтра.

Пракурорскія работнікі сярод іншага знайшлі вострыя часткі балтоў, якія выпіналі звонку пластыкавых горак. Унутры лесвічных ды іншых лабірынтаў не было ахоўнага пакрыцця на металічных частках мацаванняў, якія ў некаторых месцах мелі вострыя надламаныя краі.

Акрамя таго, не было ахоўных каўпачкоў на шрубах і балтах, якія там выпінаюць. На перакладзінах металічных канструкцый адсутнічаў альбо не быў зафіксаваны ахоўны матэрыял.

“Выяўленыя факты эксплуатацыі ў незамацаваным стане — з прычыны тэхнічнай няспраўнасці — карабінаў, якія фіксуюць падвесныя мацаванні на каруселі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Урэшце, у аптэчках знайшлі шэраг пратэрмінаваных медыцынскіх прэпаратаў.

Пракурор Гродна вынес прадпісанні на адрас кіраўнікоў дзіцячых забаўляльных цэнтраў. Заяўлена, што выяўленыя парушэнні аператыўна ліквідаваныя.

Падзяліцца: