Мінск 23:06

Нацбанк пашырыў пералік каціруемых ім замежных валют

30 чэрвеня, Позірк. Нацбанк паведаміў аб пашырэнні з 30 чэрвеня пераліку замежных валют, у адносінах да якіх устанаўліваецца афіцыйны курс беларускага рубля (штомесяц).

У спіс уключана сем валют: дынар Бахрэйна (код BHD), намібійскі долар (NAD), нікарагуанская залатая кардоба (NIO), к’ят М’янмы (MMK), рупія Маўрыкія (MUR), аманскі рыял (OMR) і бангладэшская така (BDT).

На думку рэгулятара, пашырэнне пераліку будзе “спрыяць развіццю міжнароднага фінансавага супрацоўніцтва”.

Нацыянальны банк Беларусі штодня ўстанаўлівае афіцыйныя курсы беларускага рубля да 30 замежных валют, уключаючы долар зша, еўра, расійскі рубель, кітайскі юань, польскі злоты, чэшскую крону, фунт стэрлінгаў, швейцарскі франк, японскую іену, канадскі і аўстралійскі долары, турэцкую ліру, украінскую грыўню, казахстанскі тэнге і інш.

Для менш запатрабаваных замежных валют афіцыйны курс устанаўліваецца адзін раз у месяц. Пасля пашырэння спісу такіх валют 54.

Падзяліцца: