Мінск 16:35

СБУ завочна абвінаваціла генералаў РФ у гібелі двух беларусаў у Жытомірскай вобласці ў сакавіку 2022 года

Ілюстрацыя: сайт СБУ

30 чэрвеня, Позірк. Пра збор доказнай базы ў дачыненні да “двух прадстаўнікоў вышэйшага камандавання ўзброеных адзінак РФ, якія спланавалі і аддалі загад на паветраны ўдар па горадзе Корасцень у Жытомірскай вобласці ў ноч з 9 на 10 сакавіка 2022 года”, паведаміла Служба бяспекі Украіны (СБУ).

Ведамства нагадала, што “ў выніку варожай атакі па жылых кварталах ды іншай грамадзянскай інфраструктуры райцэнтра адзін мясцовы жыхар атрымаў цяжкія раненні і двое грамадзян Рэспублікі Беларусь загінулі”.

У выніку расследавання, як заяўлена, было высветлена, што рашэнне атакаваць грамадзянскія аб’екты Корасценя прынялі генерал-палкоўнік Аляксандр Чайко (на той момант камандуючы войскамі Усходняй ваеннай акругі РФ) і генерал-лейтэнант Уладзімір Краўчанка (камандуючы групоўкай авіяцыі аператыўнай групоўкі войскаў РФ “Усход”).

Паводле інфармацыі СБУ, на загад генералаў іх падначаленыя нанеслі ўдар па Корасценю сама меней 12 фугаснымі і аскепкава-фугаснымі бомбамі, вырабленымі на заводах расійскага навукова-вытворчага аб’яднання “Базальт”.

Для ўдару па горадзе ў паветра былі паднятыя два расійскія бамбавікі.

Следчыя СБУ “завочна паведамілі абодвум фігурантам пра падазрэнне” паводле ч. 2 арт. 28, ч. 2 арт. 438 КК Украіны (парушэнне законаў і звычаяў вайны, прадугледжаных міжнароднымі дагаворамі, здзейсненыя з наўмысным забойствам з папярэдняй змовы групай асоб).

Праводзяцца “комплексныя мерапрыемствы па прыцягненні вінаватых да адказнасці”.

18 сакавіка 2022 года тагачасны прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз паведаміў, што на радзіму за дзень да таго былі дастаўленыя целы двух беларускіх кіроўцаў-дальнабойшчыкаў, якія загінулі ў выніку расійскага авіяналёту на ўкраінскі Корасцень.

“10 сакавіка Міністэрствам замежных спраў атрыманая і пацверджаная трагічная інфармацыя пра гібель у горадзе Коросцень Жытомірскай вобласці Украіны двух нашых грамадзян, — сказаў тады прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства. — Гаворка пра дальнабойшчыкаў, якія не паспелі пакінуць зону канфлікту і былі вымушаныя пражываць у сваіх машынах у чаканні магчымасці выехаць у Беларусь. Тады многія СМІ, уключаючы замежныя, распавядалі гэтую гісторыю. Але абавязкам беларускага боку, нягледзячы на ​​ўсю складанасць сітуацыі, было аказанне дапамогі сваякам гэтых людзей у вяртанні на радзіму целаў сваіх блізкіх. Сёння гэтая праца завершаная, і яны дастаўленыя на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

7 красавіка таго ж года Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі заявіў пра “бліскучую аперацыю” КДБ па вяртанні з Украіны “дзясяткаў беларускіх дальнабойшчыкаў”.

31 траўня ён “узнагародзіў супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі, якія ўдзельнічалі ў спецаперацыі КДБ на тэрыторыі Украіны”.

“Дзякую вам за тую аперацыю, якую вы правялі па вызваленні нашых людзей фактычна з палону. Некалькі дзесяткаў беларускіх грамадзян, відавочна не па сваёй волі, апынуліся закладнікамі, і не толькі сітуацыі, але і асобных жаданняў самых дрэнных людзей ва Украіне”, — цытаваў палітыка неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.

“На жаль, па-мойму, у двух чалавек так і не атрымалася вярнуцца дадому. Яны былі нахабна былі забітыя ўкраінцамі. Наспее час, мы разбярэмся і з імі, — сказаў ён. — Я памятаю, тады сказаў пра тое, што калі нам не вернуць хлопцаў, то мы правядзем спецаперацыю, у тым ліку і вострую, для вызвалення нашых хлопцаў. Камітэту дзяржбяспекі было даручана падрыхтаваць гэтае мерапрыемства і вызваліць нашых людзей”.

У кастрычніку 2024 года ў інтэрв’ю “Бі-Бі-Сі” на палях саміту БРІКС у Казані палітык, як адзначаў Беларускі расследвальніцкі цэнтр, заяўляў ужо пра пяць беларусаў — кіроўцаў фур, нібыта забітых украінцамі на пачатку вайны.

Паводле звестак МЗС Беларусі, на момант пачатку баявых дзеянняў 24 лютага 2022 года на ўкраінскай тэрыторыі знаходзілася 290 беларускіх кіроўцаў велікагрузных аўтамабіляў.

Падзяліцца: