Сейм Літвы падтрымаў дэнансацыю пагаднення з Беларуссю аб паездках жыхароў прыгранічных тэрыторый, якое так і не запрацавала

30 чэрвеня, Позірк. Сейм Літвы 30 чэрвеня прыняў законапраект, які дэнансуе пагадненне з Беларуссю аб парадку паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый, якое так і не набыло моц, паведамляе прэс-служба заканадаўчага органа.
Адзначаецца, што праект закона падтрымалі ўсе 98 дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні.
“Пагадненне было заключанае з тым, каб даць асобам, якія пражываюць на прыгранічных тэрыторыях Літвы і Беларусі, магчымасць перасякаць дзяржаўную мяжу на падставе адмысловых дазволаў на мясцовы прыгранічны рух і знаходзіцца на прыгранічнай тэрыторыі іншай дзяржавы да 90 дзён на працягу паўгода”, — гаворыцца ў паведамленні.
Разам з тым, як заявіў падчас прадстаўлення законапраекта намеснік міністра замежных спраў Літвы Відмантас Вербіцкас, дакумент так і не запрацаваў, бо Вільнюс не атрымаў ад Мінска апавяшчэння пра завяршэнне ўнутраных працэдур, неабходных для таго, каб пагадненне набыло моц. Ён адзначыў, што сама Літва ратыфікавала гэтае пагадненне 28 чэрвеня 2011 года і апавясціла Беларусь праз дыпламатычныя каналы пра завяршэнне працэдур са свайго боку.
“На думку Міністэрства замежных спраў, з улікам таго, што гэтае пагадненне не набыло моц і ад моманту яго заключэння прайшло больш за 15 гадоў, яно згубіла актуальнасць для абодвух бакоў, таму мэтазгодна яго дэнансаваць”, — сказаў Вербіцкас.
Пра прапанову МЗС Літвы дэнансаваць пагадненне аб прыгранічным перамяшчэнні з Беларуссю 23 сакавіка 2026 года паведамляў партал навін Delfi.
Згодна з дакументам, падпісаным Літвой і Беларуссю ў 2010 годзе, пэўным катэгорыям жыхароў прыгранічных раёнаў дазвалялася б перасякаць дзяржаўную мяжу без віз з дапамогай адмысловых дазволаў. Дакумент дазваляў знаходзіцца на 50-кіламетровай прыгранічнай тэрыторыі іншай краіны да 90 дзён на працягу паўгода.
Меркавалася выдаваць дазволы тэрмінам на пяць гадоў пастаянным жыхарам прыгранічных тэрыторый, якія праз сямейныя стасункі, з эканамічных прычын, праз культурныя сувязі, а таксама з іншых важных прычын планавалі часта знаходзіцца на прыгранічнай тэрыторыі суседняй дзяржавы. Гэтыя дазволы не давалі права на працу.
Варта адзначыць, што ў беларускай нарматыўна-прававой базе маецца закон ад 10 студзеня 2011 года “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Літоўскай Рэспублікі аб парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі”.
9 снежня 2025 года ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.
Дагавор аб малым прыгранічным руху з Польшчай Беларусь падпісала 12 лютага 2010 года (не набыў моц), з Латвіяй — 23 жніўня таго ж года (пачаў дзейнічаць 1 лютага 2012 года, прыпынены з ініцыятывы Рыгі 10 кастрычніка 2022 года).
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваНа 11 метэастанцыях Беларусі мінулым днём абнавіліся рэкорды цяпла за ўсю гісторыю метэаназіранняў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства



