Мінск 12:12

Беларусь гатовая пастаўляць у Інданезію тэхніку, імпартаваць лекі і прадукты

Джакарта — сталіца Інданезіі
Ілюстрацыйнае фота: Muhammad Ravel / unsplash.com

30 чэрвеня, Позірк. Беларусь мае “развіты машынабудаўнічы комплекс” і гатовая забяспечыць “пастаўкі надзейнай і якаснай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, камунальнай і пасажырскай тэхнікі”, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч 30 чэрвеня ў Джакарце на беларуска-інданезійскім бізнес-форуме.

“Для механізацыі сельскай гаспадаркі Інданезіі мы можам прапанаваць комплексныя рашэнні, — цытуе чыноўніка прэс-служба Савета міністраў. — Гэта не проста пастаўка тэхнікі і абсталявання да яе, а стварэнне сэрвісных цэнтраў з перадачай неабходных кампетэнцый мясцовым спецыялістам. У перспектыве мы гатовыя арганізоўваць сумесныя зборачныя вытворчасці з перадачай адпаведных тэхналогій”.

Беларусь у сваю чаргу, паводле слоў віцэ-прэм’ера, зацікаўленая ў павелічэнні аб’ёмаў паставак і відаў інданезійскай прадукцыі. У якасці прыкладу ён прывёў лекавыя прэпараты, каўчук, пальмавае масла, какава-бабы, каву, морапрадукты ды інш.

Заявіўшы пра рост ўзаемнага гандлю, не прывёўшы канкрэтных лічбаў, віцэ-прэм’ер заклікаў “захаваць дадатную дынаміку нарошчвання тавараабароту, а таксама знаходзіць новыя пункты росту і магчымасці для больш шчыльнай інтэграцыі”.

На думку Каранкевіча, “дадатковы стымул двухбаковаму партнёрству” надасць набыццё моцы пагадненнем аб фармаванні зоны свабоднага гандлю паміж Інданезіяй і дзяржавамі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Ён нагадаў, што ў траўні 2026 года Беларусь “першай з дзяржаў ЕАЭС ратыфікавала гэты дакумент”.

“З улікам фармавання зоны свабоднага гандлю нам трэба не толькі нарошчваць аб’ёмы гандлю, але і фармаваць устойлівыя вытворчыя і інвестыцыйныя сувязі, ствараць сумесныя вытворчасці і разам выходзіць на рынкі трэціх краін”, — сказаў ён.

Віцэ-прэм’ер таксама прапанаваў “актывізаваць працу” па стварэнні Беларуска-Інданезійскага дзелавога савета, што, на яго думку, будзе адпавядаць “інтарэсам нарошчвання двухбаковай гандлёва-эканамічнай супрацы”.

Па выніках пленарнага пасяджэння бізнес-форуму Каранкевіч заявіў журналістам, што Беларусь наладзіла пастаўкі малочнай прадукцыі на рынак Інданезіі: “Атрыманы дазвол на пастаўкі малочнай прадукцыі на інданезійскі рынак яшчэ для 13 прадпрыемстваў”.

Чыноўнік адзначыў, што ў краін “добрыя планы і напрамкі ўзаемавыгаднай супрацы”: “Гэта і павелічэнне паставак калійных угнаенняў; пытанні, звязаныя з магчымасцю выкарыстання машынабудаўнічага патэнцыялу Беларусі. Мы маем і новыя пункты росту. Гэта ахова здароўя, адукацыя, гуманітарная сфера, абмен у сферы культуры. Усё гэта будзе ствараць умовы для росту тавараабароту і ўзаемнага аказання паслуг”.

Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з прэзідэнтам Інданезіі Прабава Субіянта летась 15 ліпеня ў адной са сваіх рэзідэнцый. Сустрэча не анансавалася. Пра яе змест таксама не паведамлялася, прэс-служба боку, што прымаў госця, сцвярджала, што абмяркоўвалася “шырокае кола тэм”.

Двухбаковую вайсковую супрацу абмяркоўвалі ў Мінску 28 ліпеня таго ж года начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсуддзін.

5–7 жніўня 2025 года гэтую краіну наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся “пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцей”.

Раней Джакарта выказвала зацікаўленасць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаенняў.

Па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў (даныя МЗС Інданезіі). З іх 43,6 млн прыпаў на экспарт Джакарты (13,4 млн; 225%).

Лукашэнка наведваў Інданезію ў 2013 годзе.

Кампаніі Беларусі ды Інданезіі падпісалі мемарандумы з патэнцыйнымі здзелкамі на суму каля 400 млн долараў

16 траўня, Позірк. Беларускія ды інданезійскія кампаніі падпісалі пяць мемарандумаў аб узаемаразуменні, якія прадугледжваюць патэнцыйныя здзелкі на агульную суму каля 400 млн долараў. Паводле інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва Інданезіі Antara, дамоўленасці былі аформленыя 15 траўня ў Мінску на 8-м пасяджэнні міжурадавай …
Падзяліцца: