Мінск 12:35

Лукашэнка спадзяецца атрымаць выгаду з праграмы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта, паводле якой навучаўся яго малодшы сын

Фота: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі

30 чэрвеня, Позірк. Сумесная адукацыйная праграма БДУ і Пекінскага ўніверсітэта па спецыяльнасці “біятэхналогія” абмяркоўвалася 30 чэрвеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам згаданай кітайскай ВНУ.

Паводле слоў госця, чые словы прыводзіць яго прэс-служба, студэнты, якія навучаліся ў рамках згаданай праграмы, “павінны ствараць канкрэтныя прадпрыемствы і вырабляць у Беларусі адпаведны прадукт на падставе кітайскіх тэхналогій”.

Палітык прапанаваў паглыбіць супрацу Мінска і Пекіна ў сферы адукацыі.

“Яшчэ будучы тут дзесяць гадоў таму, я зразумеў, што з вашым універсітэтам у нас мае нешта атрымацца ў плане адукацыі. За дзесяць гадоў мы прыдумалі сумесную праграму для навучання нашых маладых хлопчыкаў і дзяўчынак у гэтым універсітэце, — адзначыў спікер. — Але я хацеў бы, каб вы разумелі, як я гэта бачу: гэта толькі першыя крокі. Наша праграма мае патрэбу ва ўдасканаленні, мы маем паглыбляцца, каб досвед і веды юнакоў, якія будуць у вас вучыцца, веерам разыходзіліся ў Беларусі”.

“Ваш досвед і тэхналогіі вытворчасці лекаў, вакцын для нас вельмі важныя, калі тычыцца біятэхналагічнага профілю, па якім мы пачалі супрацу”, — падкрэсліў Лукашэнка.

28 чэрвеня палітык прыбыў у Кітай з Расіі.

Мяркуючы з фатаграфій, апублікаваных прэс-службай палітыка, на сустрэчы прысутнічаў яго малодшы сын Мікалай — удзельнік згаданай сумеснай праграмы праграмы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта.

Эксперыментальную праграму для навучання на бакалаўрыяце гэтыя ВНУ пачалі рэалізоўваць у 2022-м — у тым жа годзе на яе паступіў Мікалай Лукашэнка, які скончыў школу. Праграма, якая прадугледжвае атрыманне дыпломаў абодвух універсітэтаў, разлічаная на тры гады, аднак пасля яе заканчэння маецца магчымасць паглыблена вывучаць біятэхналогіі яшчэ два гады.

У інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу RT (раней Russia Today), якое ў красавіку 2026 года ўзяў яго супрацоўнік амерыкана-кубінскага паходжання Рык Санчэс, Лукашэнка, характарызуючы свае стасункі са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, заявіў наступнае: “Я са сваім малодшым сынам, які скончыў Пекінскі ўніверсітэт, прыязджаю да яго ў сям’ю, мы сябруем, маем зносіны”.

Падзяліцца: