Мінск 00:42

Аб’яўлены чырвоны ўзровень небяспекі з-за спякоты і аранжавы — з-за навальніц і ліўняў

Ілюстрацыя: onliner.by

30 чэрвеня, Позірк. Найвышэйшы ўзровень небяспекі з-за высокіх тэмператур у Брэсцкай вобласці абвясціў на 1 ліпеня Белгідрамет.

Сіноптыкі паведамляюць, што ў дзённыя гадзіны на большай частцы тэрыторыі краіны максімальная тэмпература паветра складзе ад +30 да +34°C (аранжавы ўзровень). На паўднёвым захадзе, дзе размешчаная Брэсцкая вобласць, тэмпература дасягне +35-37°C (чырвоны ўзровень).

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены з-за пагрозы ліўняў па Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

У дзённыя гадзіны ў заходняй частцы краіны чакаюцца навальніцы, месцамі пры навальніцах моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с, у асобных раёнах 21-24 м/с.

Паводле даных МНС, з-за праходжання 29 чэрвеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 22 м/с пацярпела 13 населеных пунктаў у васьмі раёнах Гомельскай вобласці і адзін населены пункт у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Пацярпелых няма.

У Гомельскай вобласці пашкоджаныя дахі 52 жылых дамоў, 22 сельскагаспадарчых будынкаў і 8 гаспадарчых пабудоў, у Бабруйску (Магілёўская вобласць) пашкоджаныя дахі двух аб’ектаў сацыяльна-культурна-бытавой сферы. Вядуцца аднаўленчыя работы.

У Гомельскай вобласці зафіксавана 54 падзенні дрэў, адно з іх у Нараўлянскім раёне пашкодзіла аўтамабіль; у Магілёўскай вобласці зарэгістравана 122 паваленыя дрэвы, якія пашкодзілі 11 аўтамабіляў. Адна машына пацярпела ад падзення ліста шыферу.

Работнікі МНС і іншых арганізацый распілоўвалі і прыбіралі паваленыя дрэвы.

Раней паведамлялася, што электразабеспячэнне з-за навальніцы было парушанае ў 30 населеных пунктах Гомельскай вобласці. Найбольш пацярпелі Гомельскі, Жлобінскі і Лоеўскі раёны.

29 чэрвеня на 11 метэастанцыях Беларусі абнавіліся рэкорды цяпла за ўсю гісторыю інструментальных метэаназіранняў, у тым ліку 121-гадовай даўніны, сведчыць праведзены Позіркам параўнальны аналіз аператыўных і даступных архіўных даных Белгідрамета (па 48 станцыях).

Таксама быў перакрыты дзённай, месячны і абсалютны максімум. Тэмпература ўпершыню перавысіла 40 градусаў і спынілася на адзнацы 40,4. Такі паказчык быў зафіксаваны ў Пінску (Брэсцкая вобласць).

Падзяліцца: