Мінск 21:28

У Варшаве выявілі беларуса, украінца і расіяніна, якія незаконна знаходзіліся ў Польшчы

Варшава
Ілюстрацыйнае фота: Iwona Castiello d'Antonio / unsplash.com

25 чэрвеня, Позірк. Пра затрыманне 23 чэрвеня грамадзян Беларусі, Украіны і Расіі сіламі варшаўскіх паліцыянтаў і памежнікаў паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Згодна з інфармацыяй ведамства, беларуска больш за два гады знаходзілася ў Польшчы незаконна, не маючы дзейнай візы або іншага дакумента, які дае права на знаходжанне ў краіне. Камендант Варшаўскага аддзялення Памежнай аховы вынес у дачыненні да яе рашэнне аб абавязацельстве пакінуць краіну, а таксама пастанавіў забараніць ёй паўторны ўезд у Польшчу і дзяржавы Шэнгенскай зоны ў найбліжэйшыя два гады. Паведамляецца, што пасля завяршэння адміністрацыйных працэдур жанчына была вызваленая.

Грамадзянін Украіны, паводле звестак памежнай службы, на працягу трох гадоў ухіляўся ад выканання рашэння, якое абавязвае яго пакінуць краіну. Яго прымусова выправадзілі з Польшчы праз аўтамабільны пункт пропуску Зосін (з украінскага боку — Усцілуг).

Найбольш сур’ёзныя абвінавачанні былі выстаўленыя расіяніну, які незаконна знаходзіўся ў Польшчы. Паведамляецца, што падчас праверкі ён паказаў падробленае латвійскае пасведчанне асобы. Мужчыну распазналі па выніках дактыласкапічнай праверкі. Высветлілася, што ён знаходзіцца ў вышуку ў адпаведнасці з “чырвоным апавяшчэннем” Інтэрпола, ініцыяваным уладамі Латвіі — за злачынствы, звязаныя з падробкай дакументаў і фінансавым махлярствам. Суд пастанавіў змясціць яго пад часовы арышт.

Падзяліцца: