Мінск 17:12

ISW: Лукашэнка працягвае ўхіляцца ад спробаў Крамля ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны

Крэмль
Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / magnific.com

25 чэрвеня, Позірк. Паведамленне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Беларусь “фактычна спрыяльна адрэагавала на яго ультыматум, адключыўшы рэтранслятары” для навядзення расійскіх баявых дронаў, сведчыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка “па-ранейшаму супраціўляецца поўнаму ўцягванню Беларусі ў ваенныя планы Крамля”, лічыць амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

“Замест гэтага Мінск спрабуе захаваць расійскую падтрымку, адначасова ўтрымліваючы хаця б рэшткі істотна аслабленага беларускага суверэнітэту, — мяркуюць аналітыкі. — З 2022 года Лукашэнка супраціўляецца спробам Расіі задзейнічаць Узброеныя сілы Беларусі для падтрымкі расійскіх аперацый ва Украіне, а таксама арганізаваць маштабны набор беларускіх грамадзян у расійскую армію”.

ISW звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка ды іншыя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі “па-ранейшаму пазбягаюць выкарыстання крамлёўскай рыторыкі, якая выстаўляе Украіну пагрозай для Беларусі”.

“Лукашэнка працягвае зацягваць працэс і ўхіляцца ад узмацнення спробаў Крамля ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны, захоўваючы пры гэтым адносна нейтральную рыторыку ў дачыненні да Украіны”, — гаворыцца ў справаздачы.

Варта адзначыць, што беларуская прапаганда, якая з’яўляецца рупарам Мінска, прытрымліваецца агрэсіўнай, а не нейтральнай рыторыкі ў дачыненні да Кіева.

24 чэрвеня Зяленскі са спасылкай на даклады войска і выведкі паведаміў, што 22 чэрвеня рэтранслятары для расійскіх дронаў у Беларусі спынілі працу. “Дэмантавалі іх ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі пільна сачу і штодзённыя даклады атрымліваю. Факт, што рэтранслятары на сёння не працуюць”, — сказаў ён.

19 чэрвеня Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Палітык таксама заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расейскага войска.

На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што Украіне вядома “пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях”, і паўтарыў, што Беларусь “мае час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне”.

У інтэрв’ю тэлеканалу ТСН 21 чэрвеня Зяленскі зноў заявіў, што Лукашэнка цягам бліжэйшага тыдня павінен прадэманстраваць канкрэтныя крокі па дээскалацыі.

Лукашэнка 23 чэрвеня анансаваў чарговую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным і “доўгую камандзіроўку”, не назваўшы кірунак.

24 чэрвеня гомельскае незалежнае выданне “Флагшток” паведаміла, што да таго моманту пралёты ўдарных дронаў РФ уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы не фіксаваліся трое сутак.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў 2022 годзе поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: