Мінск 19:50

Паводле сцвярджэння Пяскова, РФ не чыніць ціск на Беларусь “з нагоды падтрымкі СВА”

Ілюстрацыя: sovereignlimits.com / International Mapping

25 чэрвеня, Позірк. Крэмль “катэгарычна абвяргае сцвярджэнні пра тое, што Расія нібыта чыніць ціск на Беларусь наконт падтрымкі СВА” (“спецыяльнай ваеннай аперацыяй” рэжымы ў Маскве і Мінску называюць поўнамаштабную вайну РФ супраць Украіны).

Паводле інфармацыі ТАСС, пра гэта 25 чэрвеня заявіў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы адпаведную публікацыю The Wall Street Journal (WSJ).

“Што тычыцца паведамлення вось гэтага выдання, пра якое вы згадалі, то гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасці, — сказаў прадстаўнік Крамля. — Мы маем Саюзную дзяржаву, маем цэлы пералік сумесных праектаў, якія на парадку дня. У нас найбольш прасунутая форма інтэграцыі з Беларуссю, якая працягваецца, і Беларусь з’яўляецца нашым найбліжэйшым саюзнікам”.

Пра тое, што Расія ў 2026 годзе ўзмацніла ціск на Беларусь, каб яшчэ больш уцягнуць яе ў вайну з Украінай, WSJ паведаміла 23 чэрвеня са спасылкай на былых, а таксама дзейных еўрапейскіх і расійскіх чыноўнікаў.

Паводле іх слоў, Масква хоча выкарыстаць беларускую тэрыторыю, каб пашырыць удары беспілотнікамі па Украіне; адцягнуць частку ўкраінскіх войскаў з усходняга фронта, а таксама праводзіць аперацыі супраць суседніх з Беларуссю краін НАТО.

Аляксандр Лукашэнка 25 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб’ёвым таксама абверг інфармацыю пра тое, што амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў “арганізоўвае працэс, каб уцягнуць” Мінск у вайну.

Падзяліцца: