Мінск 19:25

Беларусаў вярбуюць на вайну з Украінай на тэрыторыі РФ і акупаваных землях — звесткі BelPol

Ілюстрацыйнае фота: DC Studio / magnific.com

25 чэрвеня, Позірк. Беларусы падпісваюць кантракты з расійскім войскам і трапляюць на вайну з Украінай, знаходзячыся на тэрыторыі РФ і акупаваных ёю ўкраінскіх землях, вынікае з расказаных аб’яднанню BelPol гісторый грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ва ўкраінскім палоне.

У матэрыяле прыводзяцца інтэрв’ю беларусаў, якія да пачатку паўнамаштабнай расійскай агрэсіі ў 2022 годзе ўжо жылі ў акупаваным Луганску, прыязджалі ў Расію на заробкі, падпісалі кантракты ў расійскіх месцах пазбаўлення волі альбо проста вырашылі зарабіць грошай на вайне.

440 грамадзян Беларусі, якія падпісалі кантракт з арміяй РФ і ваявалі супраць Украіны, ужо загінулі, паведаміў 27 траўня намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ў відэазвароце, спасылаючыся на даныя ўкраінскага Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

Сустрэча з дэлегацыяй беларускіх дэмсіл на чале са Святланай Ціханоўскай у штабе ў Кіеве прайшла 26 траўня.

“Паводле тых даных, якія мы атрымалі <…>, 2.871 грамадзянін Беларусі падпісаў кантракты”, — дадаў палітык, не выключыўшы, што “іх значна больш”.

“Нават пагутарылі з ваеннапалоннымі — грамадзянамі Беларусі [з Гомельскай вобласці], якія падпісалі кантракт і пайшлі ваяваць на баку Расіі, — сказаў Латушка. — Ведаеце, што мяне ўразіла? Адзін з іх заявіў, што ён прыйшоў у вайсковы камісарыят і сказаў, што ён паедзе падпісваць кантракт у РФ”.

У сувязі з гэтым экс-дыпламат агучыў пытанне да міністра абароны Віктара Хрэніна, якому падпарадкоўваюцца вайсковыя камісарыяты: “Дык што, вы дапамагаеце таму, каб грамадзяне Беларусі ішлі ваяваць супраць Украіны?”

Усе трое палонных, з якімі атрымалася паразмаўляць, паводле яго сцвярджэння, “сказалі, што пайшлі ваяваць з-за грошай”.

У красавіку 2025 года Украіна раскрыла імёны звыш 700 грамадзян Беларусі, якія ваявалі за РФ, больш за 90 з іх на той момант ужо загінула.

Падзяліцца: