Мінск 16:44

На пасяджэнні Кантактнай групы беларускіх дэмсіл і Савета Еўропы абмеркаваныя далейшыя фарматы супрацоўніцтва

Фота: АПК

24 чэрвеня, Позірк. Аб чарговым пасяджэнні Кантактнай групы беларускіх дэмакратычных сіл і Савета Еўропы, якое адбылося 23 чэрвеня ў Страсбургу (Францыя), паведаміў 24 чэрвеня Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).

“Падчас сустрэчы прадстаўнікі палітычных інстытутаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі падрабязна абмеркавалі фарматы далейшага супрацоўніцтва і асобных праектаў па прасоўванні дэмакратыі і правоў чалавека з супрацоўнікамі ўсіх асноўных структур Савета Еўропы: Парламенцкай асамблеі, Камітэта міністраў, Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў, Сакратарыята”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што асабліва была адзначана “эфектыўная работа дэлегацый Каардынацыйнага савета Беларусі ў Парламенцкай асамблеі і Кангрэсе Савета Еўропы”, а таксама “выказана ўпэўненасць, што гэта супрацоўніцтва працягнецца і з новым складам КР”.

Кантактная група СЕ па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці створаная 7 верасня 2022 года, працуе з шырокім колам беларускіх грамадскіх ініцыятыў. Пасяджэнні праводзяцца два разы на год.

23 чэрвеня 2026 года першы намеснік старшыні Камітэта па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Густаў Ётбер (Швецыя) на сваёй старонцы ў Х паведаміў, што стаў новым генеральным дакладчыкам ПАСЕ па пытанні аб дэмакратычнай Беларусі. Раней ім быў паляк Рышард Петру.

12 траўня ў Вільнюсе з удзелам генеральнага сакратара СЕ Алена Берсэ і беларускага дэмлідара Святланы Ціханоўскай быў адкрыты Інфармацыйны пункт Савета Еўропы для беларускіх грамадзян.

Падзяліцца: