Мінск 00:59

З пачатку 2026 года захворванне на адзёр зафіксавана ў Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях

Ілюстрацыя: pixabay.com

23 чэрвеня, Позірк. З пачатку 2026 года захворванне на адзёр зафіксавана ў Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, паведаміў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў на прэс-канферэнцыі 23 чэрвеня.

Паводле яго слоў, у 2025 годзе хворыя рэгістраваліся ва ўсіх рэгіёнах. У параўнанні з 2024 годам іх было ў 12 разоў менш. Пры гэтым Ігнатаў не прывёў канкрэтнай статыстыкі захворвання, абмежаваўшыся адноснымі паказчыкамі.

Летась у палове выпадкаў інфекцыя была завазной — галоўным чынам з Расіі, Тайланда і з Кубы; больш за 30% выпадкаў звязана з завозам інфекцыі. Прыкладна палова хворых — дарослыя ад 30 да 49 гадоў. Таксама толькі ў паловы пацыентаў было пацверджанне вакцынацыі альбо наяўнасці ахоўнага тытру да інфекцыі.

Сёлета завазных было 16% выпадкаў (Ігнатаў назваў Расію і Кыргызстан), яшчэ 75% выпадкаў звязана з завозам інфекцыі.

Паводле слоў загадчыка лабараторыі вакцынакіраваных інфекцый НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алены Самойлавіч, вынікі вывучэння папуляцыйнага імунітэту адзёру “некалькі засмуцілі нас, ён аказаўся больш нізкім, чым мы чакалі“.

Падзяліцца: