Мінск 15:33

Турчын: Сітуацыя ў эканоміцы і вынікі працы за пяць месяцаў выклікаюць асцярожны аптымізм

Архіўнае фота: прэс-служба Савета міністраў

23 чэрвеня, Позірк. Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі і вынікі працы за пяць месяцаў “выклікаюць асцярожны аптымізм”, заявіў журналістам прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын 23 чэрвеня ў Мінску па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Мы выйшлі на траекторыю, няхай невялікага, але тым не менш росту, і нашыя разлікі паказваюць, што гэтая траекторыя захаваецца і далей”, — цытуе кіраўніка ўрада прэс-служба Савета міністраў.

Варта адзначыць, што напярэдадні Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) спрагназаваў удвая меншы рост ВУП сёлета, чым запланавалі ўлады Беларусі.

“Ва ўмовах высокага спажывецкага попыту і аднаўлення інвестыцыйнай актыўнасці прагназуем рост ВУП Беларусі на 1,3% ў 2026 годзе”, — гаварылася ў штотыднёвым аглядзе аналітыкаў ЕАБР. У той жа час, згодна з найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі на 2026 год, вызначанымі Лукашэнкам, ВУП мае павялічыцца на 2,8%.

Прымаючы Турчына, Лукашэнка, паводле інфармацыі прэс-службы апошняга, акцэнтаваў увагу на “прамысловасці, сельскай гаспадарцы і супрацы з дружалюбнымі краінамі на знешнім контуры”.

“Пра сітуацыю ў прамысловасці. Я вас прасіў, каб вы жорстка трымалі на кантролі гэтыя пытанні, — заявіў палітык. — Гэта будзе найбольш праблемны наш кірунак, які мае функцыянаваць як належыць і прыносіць у гэтыя складаныя часы грошы, перш за ўсё ў бюджэт”.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі “шырокая лінейка прамысловай вытворчасці і добрыя кампетэнцыі ў розных сферах”, але “існуюць пытанні з рэалізацыяй прадукцыі”. “Вырабляем усё, умеем вырабляць. Як прадаем? На гэта звернеце ўвагу, што тычыцца ўнутраных праблем”, — даручыў ён чыноўніку.

У кантэксце сельскай гаспадаркі Лукашэнка звярнуў увагу на падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі: “Ураджай неблагі, яго трэба сабраць. У сілу таго, што і ўраджай неблагі, ураджайнасць збожжавых культур прыстойная будзе, нам трэба сур’ёзна падрыхтавацца да гэтага”.

“Ужо праз тыдзень — дзесяць дзён пачнецца ўборка не толькі рапсу, у нас жа яшчэ азімы ячмень — тое, на што мы разлічвалі. Трэба, каб усе камбайны былі ў працы. Гэта злачынства, калі не адрамантуюць камбайны”, — папярэдзіў спікер, нагадаўшы пра сваё патрабаванне замацаваць “за кожным сучасным дарагім камбайнам” канкрэтных адказных людзей, у тым ліку прыцягнутых “адмыслова для гэтых мэтаў на час уборачнай з прамысловых прадпрыемстваў”.

“На кожны камбайн ужо даўно павінны быць замацаваныя людзі, дзе б яны ні знаходзіліся, хоць у космасе. На камбайн — і няхай прыводзіць у парадак чалавек або сямейны экіпаж. І будуць гатовыя праз тыдзень выйсці ў поле. Гэта вельмі важна”, — заявіў ён.

“І, зразумела, трэба ж скончыць нам нарыхтоўку кармоў травяных. Таксама трэба не забывацца на гэта”, — дадаў Лукашэнка.

Падзяліцца: