Мінск 13:48

У Гродзенскай вобласці быў буйны выцек угнаенняў — за ўтойванне інцыдэнту распачата сем крымінальных спраў

Ёмістасці з карбамідна-аміячнай сумессю
Ілюстрацыйнае фота: dobriva.dp.ua

23 чэрвеня, Позірк. Факт утойвання аварыйнага выцеку 330 тон карбамідна-аміячнай сумесі ў Гродзенскай вобласці выявілі супрацоўнікі ГУБАЗіК, пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю, паведаміла 23 чэрвеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, “49-гадовы намеснік кіраўніка аднаго з найбуйнейшых холдынгаў вобласці і 43-гадовы дырэктар падведамнай арганізацыі ўступілі ў злачынную змову са службовымі асобамі чатырох гаспадарак Лідскага раёна”. Як сцвярджаецца, з фіктыўных дакументаў вынікае, што “зніклыя ўгнаенні былі пастаўленыя на ўлік і спісаныя як унесеныя на палі”.

Прадпрыемствы, як заяўлена, атрымалі шкоду ў памеры 270 тыс. рублёў. Пракуратура распачала сем крымінальных спраў за “злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў”.

Паведамляецца, што “праводзяцца далейшыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для высвятлення ўсіх абставін здарэння, а таксама датычнасці іншых асоб да здзяйснення названых злачынстваў”.

Падзяліцца: