Мінск 20:50

Кіраўнік МЗС Польшчы канстатуе “невялікую адлігу” ў стасунках з Мінскам

Радаслаў Сікорскі
Архіўнае фота: МЗС Польшчы

30 верасня, Позірк. Пра “невялікую адлігу” ў стасунках з Мінскам заявіў віцэ-прэм’ер — міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрв’ю газеце Rzeczpospolita.

Паводле яго слоў, гэта стала магчымым таму, што беларускія ўлады зрабілі тое, чаго дамагалася Варшава: вызвалілі палітвязня, актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута, дазволілі яму прыехаць у Беларусь і яе пакінуць.

Апошнім часам, дадаў міністр, у польскім кірунку “перасталі лётаць кантрабандныя паветраныя шары“ з Беларусі, а на ўсходняй мяжы спакойна — у кантэксце міграцыйнага крызісу.

Пры гэтым, паводле ацэнкі Сікорскага, апошні факт з’яўляецца не заслугай мінскага рэжыму, а следствам таго, што Польшча “выдаткавала больш за мільярд еўра на будаўніцтва загароды і аперацыю па забеспячэнні бяспекі мяжы“.

“Калі <…> палітыка [іншых суб’ектаў міжнароднага права] мяняецца, мы таксама можам змяніць сваю палітыку, — сказаў дыпламат. — У нашых інтарэсах, каб Беларусь захоўвала дзяржаўную самастойнасць ад Расіі, паколькі існуе розніца паміж тым, каб быць партнёрам Расіі і тым, каб быць яе часткай“.

Адначасова ён заявіў, што цягам апошніх 30 гадоў “усё ідзе ў бок таго, каб Расія павялічыла сваю тэрыторыю за кошт Беларусі“, таму “трэба зрабіць так, каб гэтага не адбылося“.

Сікорскі сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым 22 верасня ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай Асамблеі ААН. Гэта першы афіцыйны кантакт Варшавы і Мінска на такім узроўні за больш чым пяць гадоў.

Польскі міністр назваў сустрэчу азнаямленчай і параўнаў перспектывы нармалізацыі двухбаковых стасункаў з “пралескай, якая можа заквітнець пры спрыяльных умовах”.

“Сустрэча з міністрам замежных спраў Рэспублікі Польшча Радаславам Сікорскім была прысвечана аналізу стану беларуска-польскіх стасункаў на бягучым этапе і шляхоў іх далейшага развіцця ў інтарэсах народаў дзвюх краін. Бакі таксама абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне“, — паведаміў 23 верасня МЗС Беларусі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, кантакт быў запытаны Мінскам.

Умовай змястоўнага дыялогу Польшчы і Беларусі з’яўляецца поўнае спыненне агрэсіўных дзеянняў з боку апошняй, заявіў 24 верасня ў інтэрв’ю Slawa TV намеснік міністра замежных спраў краіны Марцін Басацкі.

На яго думку, “ужо на працягу некалькіх месяцаў бачна, як у жэстах і дзеяннях Беларусі ў дачыненні да Польшчы і іншых суседніх краін зніжаецца агрэсіўнасць“: “Сярод такіх жэстаў — вызваленне палітвязняў, агульнай колькасцю каля 800 чалавек па стане на 23 верасня. Вядома, па-ранейшаму некалькі сотняў палітвязняў знаходзіцца ў турмах [Аляксандра] Лукашэнкі. Мы пра гэта не забываемся”.

“І таксама адбылося вельмі значнае зніжэнне гібрыднага ціску на Польшчу і Еўропу на беларуска-польскай мяжы. Тут сёлета адбыўся сапраўдны пералом”, — заявіў Басацкі.

Стасункі Беларусі і Польшчы, якія значна пагоршыліся ў сувязі з прысудам актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту і міграцыйным крызісам на мяжы, апошнім часам дэманструюць тэндэнцыю да пацяплення.

Яго прыкметамі сталі вызваленне Пачобута ў красавіку і яго нядаўняя паездка ў Беларусь (актывіст дэкларуе намер жыць у краіне. — “Позірк“.), адкрыццё Польшчай раней закрытых пунктаў пропуску на мяжы, а таксама значнае зніжэнне міграцыйнага ціску з боку Мінска: у цяперашні час найбольшая колькасць нелегалаў назіраецца на мяжы з Латвіяй.

На беларуска-польскай мяжы нелегальныя мігранты не фіксуюцца два тыдні — з 16 верасня.

Падзяліцца: