Мінск 11:24

НАТО рыхтуецца да “ваеннага сутыкнення” з Расіяй і Беларуссю, якія “гэта разумеюць і робяць захады” — МЗС РФ

Ілюстрацыйнае фота: ostro.org

1 кастрычніка, Позірк. Пытанні “умацавання бяспекі і падвышэння абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы” абмяркоўваюцца “на сталай аснове і на розных узроўнях”, заявіў кіраўнік другога дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных спраў Расіі Аляксей Палішчук у інтэрв’ю “Интерфаксу”, апублікаваным 30 верасня.

Такім чынам прадстаўнік МЗС РФ адказаў на пытанне, ці абмяркоўваецца з Мінскам пытанне пра “больш маштабнае задзейнічанне тэрыторыі” Беларусі для “вайскова-тэхнічнага адказу на актывізаваныя ў Еўропе вайсковыя падрыхтоўкі да гіпатэтычнага ўзброенага канфлікту” з РФ.

“Праводзіцца сумесная ацэнка пагроз з боку НАТО. Краіны альянсу не хаваюць, што рыхтуюцца да прамога ваеннага сутыкнення з Расіяй і Беларуссю. Іх мілітарысцкая рыторыка падмацоўваецца практычнымі крокамі. Прамысловасць перабудоўваецца на ваенныя рэйкі, павялічваюцца колькасць і маштабы вучэнняў, пашыраецца спектр гібрыдных пагроз. Украінскі крызіс для гэтага — не больш чым падстава і шырма”, — сказаў Палішчук, не ўдакладніўшы, што “ўкраінскі крызіс” — гэта поўнамаштабная вайна, якую менавіта РФ развязала супраць Украіны.

“У Расіі і Белоруссии гэта разумеюць і робяць захады, — дадаў ён. — Умацаваная дагаворна-прававая база — прынятыя Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы і Дагавор аб гарантыях бяспекі, які замацаваў узаемныя абавязацельствы па абароне, абароне суверэнітэту, незалежнасці, канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці. На мінулым тыдні ў Маскве адбылася трэцяя сустрэча спецпрадстаўнікоў па аглядзе яго дзеяння. У рамках адзінай абароннай прасторы на беларускай тэрыторыі функцыянуюць аб’яднаная рэгіянальная групоўка войскаў (сіл), адзіная сістэма СПА, размешчаныя расійская нестратэгічная ядзерная зброя і ракетныя комплексы “Арэшнік”.

Паводле сцвярджэння Палішчука, спробы “праверыць на трываласць межы Саюзнай дзяржавы” атрымаюць “неадкладны і жорсткі адпор з выкарыстаннем усіх наяўных сродкаў”.

Каментуючы актывізацыю палітычных кантактаў Мінска і Вашынгтона, прадстаўнік МЗС заявіў, што “Расія і Беларусь праводзяць скаардынаваную знешнюю палітыку і развіваюць кантакты з усімі краінамі, настроенымі на дыялог і супрацу, у тым ліку Злучанымі Штатамі Амерыкі”: “Дыялог дазваляе лепш разумець падыходы іншых дзяржаў, тлумачыць ім нашы знешнепалітычныя і знешнеэканамічныя прыярытэты, дамагацца іх уліку”.

“Нашы беларускія сябры заўсёды падкрэслівалі, што кантакты з Захадам магчымыя выключна на аснове раўнапраўя і ўзаемапавагі пры безумоўным захаванні нацыянальных інтарэсаў і задач саюзнай інтэграцыі з Расіяй. Гэтыя прынцыпы закладзеныя ў саюзную Праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі. Яе чарговую трохгадовую рэдакцыю мы цяпер рыхтуем да зацвярджэння на сумесным пасяджэнні калегій МЗС Расіі і МЗС Беларусі ў лістападзе”, — падкрэсліў Палішчук.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом на пачатку 2025 года актывізаваліся публічныя кантакты прадстаўнікоў ЗША і беларускіх уладаў. Па выніках сустрэч Лукашэнкі з амерыканскімі дэлегацыямі, якія сталі перыядычна прыязджаць у Мінск, на свабоду пачалі выходзіць групы палітвязняў (пры гэтым рэпрэсіі ў краіне не спыніліся). У адказ Вашынгтон паступова здымае санкцыі.

Падзяліцца: