Мінск 12:46

Рост ВУП на 1,9%, інфляцыя да 6% — зацверджаныя планавыя паказчыкі на 2027 год

Ілюстрацыя: Sasun Bughdaryan / unsplash.com

30 верасня, Позірк. Найважнейшыя паказчыкі і параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця (дэ-факта планавыя) на 2027 год зацвердзіў 30 верасня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.

Адзначаецца, што дакумент прыняты ў мэтах “забеспячэння эфектыўнага эканамічнага росту і якаснага сацыяльнага развіцця краіны”.

Зацверджаныя наступныя паказчыкі:

  • рост валавога ўнутранага прадукту — на 1,9% да ўзроўню 2026 года;
  • рост інвестыцый у асноўны капітал — на 3,1%;
  • павелічэнне экспарту — на 2,9%;
  • прырост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — на 3%;
  • інфляцыя — не вышэй за 6%.

Ураду даручана ў двухмесячны тэрмін зацвердзіць план сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год.

Акрамя таго, Лукашэнка зацвердзіў мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2027 год:

  • золатавалютныя рэзервы — не менш за 12,8 млрд долараў;
  • доля неабслугоўваемых актываў банкаў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі, — не больш за 10%;
  • прырост аб’ёму інвестыцыйнага фінансавання — не менш за 13%.

На 2026 год зацверджаныя наступныя паказчыкі: рост ВУП на 2,8%, інвестыцый за кошт усіх крыніц фінансавання — на 3,1%, экспарту — на 3,7%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — на 4,8%; інфляцыя — не больш за 7%, міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш за 9,2 млрд долараў.

Падзяліцца: