Мінск 09:51

Беларусы, як і кіпрыёты, выступаюць за “павагу суверэнітэту і самастойнасці краін” — Лукашэнка

Нікасія, Кіпр Ілюстрацыйнае фота: Athina Vrikki / unsplash.com

1 кастрычніка, Позірк. Беларусь з павагай ставіцца да традыцый народа Рэспублікі Кіпр, яго “імкнення да міру і дабрабыту”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 кастрычніка кіпрыётаў з Днём Незалежнасці.

“Як і кіпрыёты, мы выступаем за падтрыманне міжнароднай бяспекі, павагу суверэнітэту і самастойнасці краін, развіццё раўнапраўнага дыялогу і ўзаемавыгаднай супрацы, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Перакананы, што добрыя стасункі паміж беларусамі і кіпрыётамі, заснаваныя на сяброўстве, будуць і надалей спрыяць умацаванню даверу і пашырэнню трывалых кантактаў”.

Адметна тое, што Лукашэнка, кажучы пра “павагу суверэнітэту”, не чужую беларусам і кіпрыётам, не згадвае пра тое, што народ самой Рэспублікі Кіпр сутыкаецца з непрызнаннем суверэнітэту іх дзяржавы з боку кіраўніцтва Турцыі, з якім у Мінска дружалюбныя і прагматычныя стасункі. Частку вострава Кіпр — у рамках міжнародна прызнаных межаў Рэспублікі Кіпр — дэ-факта кантралюе самаабвешчаная Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра, якую прызнае толькі Турцыя. Улады самой Рэспублікі Кіпр Анкара лічыць “грэка-кіпрскай адміністрацыяй Паўднёвага Кіпра”.

Лукашэнка традыцыйна не звяртаецца да ўладаў краін, якія лічыць варожымі ў дачыненні да яго. Кіпр — член Еўрапейскага саюза, які працягвае ўзмацняць санкцыі супраць рэжыму ў Мінску, пры гэтым краіна паслядоўна выступае з крытыкай дзеянняў беларускіх уладаў, напрыклад, у Савеце ААН па правах чалавека. З 2022 года Лукашэнка звяртаецца да “народа Рэспублікі Кіпр”, да гэтага адрасаваў віншаванні прэзідэнту краіны.

Згодна з данымі амбасады Беларусі ў Балгарыі, якая курыруе Кіпр, па выніках 2021 года тавараабарот з Рэспублікай Кіпр склаў 1,15 млн долараў ЗША (70,8% да ўзроўню 2020 года), у тым ліку экспарт — 0,6 млн (76%), імпарт — 0,55 млн (65,8%).

У той жа час на Кіпры зарэгістравана мноства кампаній, якія вядуць бізнес у Беларусі, у тым ліку Dana Holdings, што знаходзіцца пад санкцыямі ЕС (атрымала рэгістрацыю Мінгарвыканкама 23 кастрычніка 2007 года, на Кіпры — 20 лютага 2013 года).

Увосені 2020 года выданне EU Observer апублікавала расследаванне пра маёмасныя сувязі Dana Holdings з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і яго жонкай Ліліяй Лукашэнка праз кіпрскія афшорныя кампаніі.

На сайце беларускай амбасады ў Балгарыі адзначана, што на пачатак 2022 года ў Беларусі было “больш за 500 юрыдычных асоб, створаных з удзелам юрыдычных і фізічных асоб Кіпра”.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 10 красавіка 2024 года перад членамі пастаяннага камітэта па замежных і еўрапейскіх справах парламента Кіпра, заявіла, што “больш за 500 беларускіх кампаній маюць кіпрскі капітал, многія з іх звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, падтрымліваюць вайну і рэпрэсіі”.

Паводле слоў палітыка, “на працягу многіх гадоў беларускі рэжым выкарыстоўваў Кіпр для абыходу санкцый”. Дэмсілы, сказала яна тады, разлічваюць на дапамогу кіпрскіх парламентарыяў для выяўлення звязаных з Лукашэнкам кампаній і “прымянення да іх санкцый”.

Падзяліцца: