Мінск 11:38

Беларус, падазраваны ў арганізацыі паставак гашышу з Літвы, затрыманы — МУС

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

30 верасня, Позірк. Пра затрыманне 54-гадовага жыхара Мінскай вобласці, які, як сцвярджаецца, звязаны з нядаўнім выпадкам увозу ў Беларусь буйной партыі наркотыкаў, паведаміў 30 верасня начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Сільвестровіч.

Напярэдадні прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) заявіла пра спыненне ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС буйной партыі гашышу. Адзначалася, што перамясціць схаваныя ў тайніку наркотыкі спрабаваў грамадзянін Малдовы, які ехаў з Літвы праз пункт пропуску Каменны Лог (з сумежнага боку — Мядзінінкай) на парожнім грузавіку.

Адначасова было заяўлена пра высветленую асобу арганізатара пастаўкі, якім, як сцвярджаецца, выявіўся 54-гадовы грамадзянін Беларусі. У дачыненні да яго была распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 328¹ КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў або аналагаў). Пракуратура санкцыянавала ўзяцце яго пад варту.

У відэакаментарыі, апублікаваным прэс-службай МУС, Сільвестровіч заявіў, што 54-гадовы беларус удзельнічаў у “арганізацыі паставак наркотыкаў на тэрыторыю краіны з Літоўскай Рэспублікі”. Гэта дае падставу меркаваць, што міліцыя лічыць яго датычным не толькі да выпадку з 38 кг гашышу.

Міліцэйскі начальнік паведаміў, што мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі наркакантролю і Дзяржаўнага мытнага камітэта пры сілавой падтрымцы антытэрарыстычнага падраздзялення “Алмаз”.

Варта адзначыць, што пра грамадзяніна Малдовы — кіроўцу грузавіка, у якім былі выяўленыя наркотыкі, прадстаўнік МУС не згадвае.

Падзяліцца: