Мінск 00:13

Лукашэнка хоча прапанаваць ЗША падключыцца да будаўніцтва ў Беларусі азотнага камбіната

Ілюстрацыя: pixabay.com

29 верасня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка хоча прапанаваць амерыканцам падключыцца да будаўніцтва ў Беларусі азотнага камбіната. Пра гэта ён заявіў 29 верасня на сустрэчы з губернатарам Ульянаўскай вобласці РФ Аляксеем Рускіх.

“З Уладзімірам Уладзіміравічам [Пуціным] дамовіліся, што “Газпрам” падключыцца ў нас да рэалізацыі праекта па будаўніцтве азотнага камбіната, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Трэба амерыканцам прапанаваць. Яны хочуць ўгнаенні — азотныя у тым ліку — калі ласка, давайце разам пабудуем. У нас ужо пляцоўка падабраная, усе сеткі існуюць”.

Калі ж амерыканскі бок не пагодзіцца, то, як заявіў Лукашэнка, Беларусь будзе будаваць з “Газпрамам“, а потым з расіянамі “гатовую прадукцыю прадаваць“.

Гэта не першы выпадак, калі ён прапануе ЗША ўкласціся ў беларускія ўгнаенні. На другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу Лукашэнка ў снежні 2025 года паведаміў, што прапаноўваў купіць амерыканцам Нежынскі руднік за 3 млрд долараў.

У сакавіку на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржСМІ ён зноў закрануў гэтую тэму. Паводле яго слоў, амерыканцы “думаюць”, але “3 млрд — гэта мінімум”. “А ўрад палічыць запасы, яшчэ чагосьці… гэта будзе даражэй”, — сказаў тады Лукашэнка.

Мінск і Вашынгтон неаднаразова заяўлялі аб так званай “вялікай угодзе“, якую бакі выказалі жаданне заключыць.

“Амерыканцы падчас перамоваў ад імя Трампа прапанавалі ўкласці “вялікую ўгоду”, дзе будуць адлюстраваныя шэраг пытанняў, якія ў парадку нашых перамоваў, — заявіў Лукашэнка дзяржСМІ 20 сакавіка 2026 года. — Я што, адмаўляцца буду? Не тое што я ўжо там шчаслівы. Але для Беларусі гэта важна, і для мяне ў тым ліку. Таму я сказаў: “Я гэта нармальна ўспрымаю. Перадайце Дональду, што я згодны гэтую “вялікую ўгоду“ падрыхтаваць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, “адпаведныя прапановы прапрацоўваюцца” амерыканскім бокам.

Сёлета 21 верасня прэзідэнт ЗША напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Truth Social, што Злучаныя Штаты Амерыкі “працуюць над буйной угодай па закупцы калійных угнаенняў у Беларусі“. “Кошт будзе істотна ніжэйшы за той, які мы цяпер плацім Канадзе, — гэта вельмі добрая навіна для нашых фермераў і ўладальнікаў ранча“, — заявіў палітык-бізнесмэн.

Раней у той дзень Лукашэнка на сустрэчы са старшынём Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімірам Арлоўскім заявіў, што Мінск не можа паставіць у ЗША вялікіх аб’ёмаў калійных угнаенняў, паколькі вырабленая прадукцыя ўжо звязаная кантрактамі на гэты год з іншымі краінамі.

Зацікаўленасць у куплі беларускіх мінеральных угнаенняў Трамп пацвердзіў 22 верасня на сумесным брыфінгу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Падзяліцца: