Мінск 00:13

Улады хочуць пералічыць вернікаў

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Кірылам (Уладзімірам Гундзяевым), прадстаяцелем Рускай праваслаўнай царквы, да якой адносіцца Беларускі экзархат. 6 чэрвеня 2025, Мінск

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Кірылам (Уладзімірам Гундзяевым), прадстаяцелем Рускай праваслаўнай царквы, да якой адносіцца Беларускі экзархат. 6 чэрвеня 2025, Мінск

29 верасня, Позірк. “Нам трэба разумець, якія працэсы ідуць у грамадстве, рэальную колькасць вернікаў, як выбудоўваць працу”, — заявіў дзяржСМІ новы ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алег Дзячэнка.

Таму, падкрэсліў чыноўнік, плануецца правесці ў краіне “эфектыўны этнаканфесійны маніторынг”.

Гаворачы аб больш шчыльным узаемадзеянні з рэлігійнымі інстытутамі ў святле пастаўленых “найважнейшых дзяржаўных задач”, Дзячэнка падкрэсліў, што яго апарат будзе “выступаць з пазіцыі партнёрства”.

У прыватнасці, гаворка ідзе аб пытаннях, якія датычацца “захавання духоўна-маральных каштоўнасцяў, умацавання інстытута сям’і і шлюбу, дэмаграфічнай сітуацыі”.

Паводле слоў упаўнаважанага, традыцыйныя рэлігіі “маюць вельмі вялікі патэнцыял і досвед, напрацаваны за папярэднія гады па вырашэнні гэтых пытанняў“. “Можа быць, выкарыстаем іх досвед”, — сказаў ён.

Асобнай задачай чыноўнік назваў кантроль за строгім выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, паколькі “парушэнне нормаў права прыводзіць да ўзнікнення складаных сітуацый і ў этнаканфесійнай сферы, і ў міжнацыянальных стасунках”.

Паводле сцвярджэння Дзячэнкі, дзяржава “выконвае сваю важную функцыю па захаванні балансу інтарэсаў паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі і этнічнымі суполкамі”.

“Сёння наша заканадаўства з’яўляецца ўзорам захавання ўсіх правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ў частцы веравызнання і ў частцы захавання нацыянальнай ідэнтычнасці”, — сказаў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Дзячэнка быў прызначаны на гэтую пасаду 28 верасня (раней быў намеснікам старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах). З 2020 года на гэтай пазіцыі працаваў Аляксандр Румак.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 стасункі дзяржавы і царквы ўскладніліся: многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

З пачатку восені 2020 года па канец красавіка 2026-га, паводле дадзеных ініцыятывы “Хрысціянская візія“, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася не менш за 93 хрысціянскіх служыцеляў, з іх 36 каталіцкіх.

Падзяліцца: