Латушка заклікаў Кіеў заняць цвёрдую пазіцыю ў дыялогу з міжнароднымі партнёрамі па санкцыях супраць “Беларуськалія”

29 верасня, Позірк. Аб ролі ААТ “Беларуськалій” у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпрашлення (НАУ) Павел Латушка ў звароце, накіраваным міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібізе.
Паводле прэс-службы АПК, прадпрыемства выступае “непасрэдным інстытуцыйным, фінансавым і лагістычным удзельнікам супрацьпраўнага механізму сістэматычнага вывазу ў Беларусь, размяшчэння і ідэалагічнай індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей”.
Паводле даных НАУ, нагадаў Латушка, на тэрыторыю Беларусі было перамешчана не менш за 3,5 тыс. украінскіх дзяцей. “Больш за 2.050” былі накіраваны ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Дубрава” (Салігорскі раён Мінскай вобласці), які знаходзіцца на балансе і пад поўным прамым кіраваннем “Беларуськалія”.
Кіраўніцтва прадпрыемства, адзначыў палітык, “непасрэдна ўцягнута ў арганізацыю гэтага ваеннага злачынства”.
Так, былы генеральны дырэктар прадпрыемства Іван Галаваты*, які знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЕС і цяпер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі, “асабіста падпісваў распараджальныя дакументы, выдзяляў мэтавае фінансаванне і прадастаўляў аўтатранспарт для транспартыроўкі ўкраінскіх дзяцей па тэрыторыі Беларусі, а таксама асабіста аддаў распараджэнне падрыхтаваць і выкарыстоўваць лагер “Дубрава” для знаходжання ўкраінскіх дзяцей”, напісаў палітык, дадаўшы, што НАУ валодае адпаведнымі дакументамі.
“Разблакаванне фінансавых рэсурсаў і гандлёвых магчымасцей ААТ “Беларуськалій” стане прамой легітымацыяй і фінансаваннем структуры, замешанай у дзеяннях, якія кваліфікуюцца міжнародным правам як ваенныя злачынствы”, — падкрэсліў Латушка.
Экс-дыпламат звярнуўся з просьбай да ўкраінскага боку “займаць цвёрдую пазіцыю ў дыялогу з міжнароднымі партнёрамі і інстытутамі ЕС, актыўна супрацьдзейнічаючы любым ініцыятывам па змякчэнні, адмене або ўвядзенні выключэнняў у дачыненні да экспарту і транзіту беларускіх калійных угнаенняў у ЕС”.
Палітык таксама заклікаў “улічваць факты непасрэднага ўдзелу ААТ “Беларуськалій”, яго ведамаснай інфраструктуры і кіраўніцтва прадпрыемства ў супрацьпраўнай дэпартацыі дзяцей пры ўзгадненні новых пакетаў міжнародных абмежавальных мер”.
Латушка лічыць важным “увязваць любыя будучыя дыскусіі пра статус беларускага калійнага сектара з поўным спыненнем удзелу рэжыму Беларусі ў агрэсіі і ваенных злачынствах Расіі, а таксама поўным і неадкладным вяртаннем усіх незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей і прыцягненнем вінаватых асоб да міжнародна-прававой адказнасці”.
Выказваецца гатоўнасць каардынаваць з ўкраінскім бокам намаганні па прыцягненні да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і іншых фізічных і юрыдычных асоб, уцягнутых у перамяшчэнне дзяцей.
Паведамляецца таксама, што інфармацыю аб удзеле “Беларуськалія” ў гэтым працэсе Латушка перадаў прадстаўнікам Дзяржаўнага дэпартамента ЗША падчас сустрэчы з імі 25 верасня.
У чэрвені 2021 года Еўрасаюз у адказ на рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама прымусовую пасадку рэйса Ryanair у Мінску прыняў пакет сектаральных санкцый, якім сярод іншага абмежаваў імпарт, куплю і перадачу пэўных відаў беларускіх калійных угнаенняў. Забарона закранула не ўвесь калійны экспарт, таму пастаўкі прадукцыі прадпрыемства “Беларуськалій” праз порт у Клайпедзе не спыніліся.
У жніўні таго ж года ЗША ўвялі санкцыі непасрэдна супраць “Беларуськалія”. Адначасова быў вызначаны пераходны перыяд для згортвання аперацый з прадпрыемствам — да 8 снежня 2021 года.
На гэтым фоне пастаўкі беларускага калію, якія працягвалі ажыццяўляць “Літоўскія чыгункі” (LTG), выклікалі палітычны скандал у Вільнюсе. Адмысловая камісія прызнала дагавор паміж LTG і “Беларуськаліем” неадпаведным інтарэсам нацыянальнай бяспекі — і ў студзені 2022-га ўрад Літвы пастанавіў спыніць яго дзеянне з 1 лютага таго ж года. Ад гэтай даты чыгуначны транзіт беларускіх калійных угнаенняў па літоўскай тэрыторыі спыніўся.
У сакавіку 2022 года — неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны, у якой Мінск падтрымлівае Маскву, — ЕС рэзка пашырыў свае ранейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да беларускай калійнай сферы, а ў чэрвені ўвёў санкцыі непасрэдна супраць “Беларуськалія” і Беларускай калійнай кампаніі (БКК).
Пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом на пачатку 2025 года актывізаваліся публічныя кантакты прадстаўнікоў ЗША і беларускіх уладаў. Па выніках сустрэч Лукашэнкі з амерыканскімі дэлегацыямі, якія сталі перыядычна прыязджаць у Мінск, на свабоду пачалі выходзіць групы палітвязняў (пры гэтым рэпрэсіі ў краіне не спыніліся).
У снежні 2025 года Міністэрства фінансаў ЗША выдала генеральную ліцэнзію, якая дазволіла практычна ўсе раней забароненыя аперацыі з “Беларуськаліем”, БКК і Agrorozkvit. У сакавіку 2026-га амерыканскія ўлады выключылі ўсе тры арганізацыі з санкцыйнага спісу (незадоўга да гэтага Лукашэнка па выніках чарговай сустрэчы з прадстаўнікамі Вашынгтона распарадзіўся вызваліць 250 вязняў).
Афіцыйны Вільнюс адмаўляе магчымасць транзіту калія праз санкцыі. Неафіцыйна паведамлялася аб ціску ў гэтым пытанні з боку Вашынгтону.
У ліпені 2026 года Агульны суд Еўрапейскага саюза адхіліў іск літоўскай кампаніі Birių krovinių terminalas (тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порта; 30% акцый належаць беларускаму вытворцу калійных угнаенняў), якая аспрэчвала абмежаванні ЕС, што перашкаджаюць у тым ліку транзіту беларускага калію праз Літву.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.
* Галаваты ўзначальваў прадпрыемства ў 2014–2024 гадах. Зараз на чале яго стаіць былы кіраўнік канцэрну “Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў.

- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- АнонсыАнонсы падзей на 29 верасня — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 26–28 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка

