Мінск 20:47

Бяляцкі ацэньвае колькасць пацярпелых ад беларускага рэжыму не менш чым у 100 тыс.

Алесь Бяляцкі (у цэнтры) на прэс-канферэнцыі ў Беластоку 23 чэрвеня 2026 года
Фота: "Позірк"

23 чэрвеня, Позірк. “Не менш за 100 тыс. чалавек сталі ахвярамі рэпрэсій у Беларусі”, — заявіў праваабаронца, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, былы палітвязень Алесь Бяляцкі на прэс-канферэнцыі 23 чэрвеня ў Беластоку, дзе ўвечары пройдзе прэзентацыя дакументальнага фільма з яго ўдзелам “Bialiatski/Unbroken“ (“Бяляцкі/Няскораны”).

Паводле яго слоў, з 2020 года распачата больш за 10 тыс. крымінальных справаў з палітычных матываў.

Праваабаронца падкрэсліў, што рэпрэсіі сталі адным з асноўных інструментаў утрымання ўлады. На яго думку, рэжым выкарыстоўвае ціск і крымінальны пераслед дзеля захавання кантролю над грамадствам, паколькі не мае шырокай падтрымкі.

Былы палітвязень лічыць, што, нягледзячы на вызваленне часткі асуджаных з палітычных матываў, сітуацыя з правамі чалавека застаецца складанай: працягваюцца затрыманні, узбуджэнне крымінальных справаў, пераслед беларусаў як у краіне, так і за мяжой.

Ён узгадаў пераслед сваякоў удзельнікаў акцый салідарнасці ў Варшаве, Беластоку, Вільнюсе, а таксама ціск на студэнтаў і выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта: “Справа ЕГУ будзе вельмі значнай, і можа пацярпець шмат людзей”.

“Гэта карусель: адных выпускаюць, іншых саджаюць. Рэпрэсіі працягваюцца”, — заявіў былы палітвязень.

Бяляцкі падкрэсліў, што галоўным патрабаваннем павінна быць поўнае спыненне рэпрэсій.

“Першае, што я сказаў, калі выйшаў на волю (13 снежня 2025 года па выніках дамоўленасцяў Вашынгтона і Мінска, вывезены ў Літву. — “Позірк”.): трэба патрабаваць спыніць рэпрэсіі. За гэтыя паўгода некалькі сотняў чалавек зноў трапілі пад пераслед”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Бяляцкага, палітвязні сутыкаюцца з пастаянным псіхалагічным ціскам, ізаляцыяй, ператрусамі і абмежаванннм сувязі са знешнім светам: “Чалавек фактычна кожны дзень змагаецца за выжыванне. Поўнае інкамунікада — не даходзяць лісты, няма нармальнай сувязі з роднымі”.

Ён адзначыў, што большасць палітвязняў не ідзе на супрацоўніцтва з уладамі нават ва ўмовах моцнага ціску.

Пры гэтым праваабаронца ўпэўнены, што ў Беларусі ёсць будучыня, паколькі падзеі 2020 года прадэманстравалі глыбокія змены ў грамадстве, імкненне да пераменаў. Пакаленне, якое вырасла пасля распаду СССР, мае еўрапейскія каштоўнасці, хоча жыць у стабільнай і свабоднай краіне, бачыць Беларусь часткай Еўропы.

Бяляцкі заклікаў працягваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і дамагацца вызвалення палітычных зняволеных.

“Няма ніякіх падставаў для зняцця санкцый з рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, паколькі ён аказваў падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны. <…> Беларусы не падтрымліваюць вайну, але рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам расійскай агрэсіі”, — адзначыў Бяляцкі.

Паводле яго слоў, Беларусь фактычна стала пляцоўкай для расійскага войска і стратэгічным рэсурсам для РФ у вайне супраць Украіны.

Эканамічныя санкцыі праваабаронца бачыць крытычна важным інструментам ціску на беларускія ўлады: “Санкцыі — гэта інструмент нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі. Мы дамагаемся агульных зменаў, каб у краіне спыніліся рэпрэсіі”.

Бяляцкі таксама звярнуў увагу на выпадкі абыходу санкцый. Ён адзначыў, што беларускія кампаніі закуплялі рапсавы алей на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны і прадавалі як беларускі.

“Я маю палітычны прытулак у Нарвегіі і звяртаўся да нарвежскіх уладаў з просьбай не закупляць такі алей”, — паведаміў праваабаронца.

Падзяліцца: