Мінск 15:54

Лукашэнка на фоне ўльтыматума Зяленскага заклікаў “не хвалявацца”, бо Беларусь можа “абараніць насельніцтва ад любога агрэсара”

Архіўнае фота: БелТА

23 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка на фоне ўльтыматума прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага заклікаў жыхароў Гомельскай вобласці “не хвалявацца і не турбавацца”.

Паводле інфармацыі неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы палітыка, такую ​​просьбу жыхарам паўднёвага ўсходу краіны ён перадаў 23 чэрвеня, прымаючы з дакладам старшыню Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко.

Рэгіянальны кіраўнік, як паведамляецца, паведаміў Лукашэнку “пра становішча ў вобласці агулам, сітуацыю на мяжы з Украінай і ў прымежных раёнах і рэакцыю насельніцтва Гомельскай вобласці на нядаўнія заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага”. Крупко запэўніў, што абстаноўка “ў цэлым няпростая, але стабільная і кантраляваная”, а пытанням бяспекі “надаецца самая пільная ўвага”.

Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што Беларусь “мае ўсё неабходнае, каб абараніць насельніцтва ад любога агрэсара”.

19 чэрвеня Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Палітык таксама заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску.

На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што Украіне вядома “пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях”, і паўтарыў, што Беларусь “мае час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне”.

Адначасова ён паведаміў, што Кіеву вядома “пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расію” і яе вайну. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што “кожнае прадпрыемства, якое пастаўляе кампаненты для расійскай зброі — для бронетэхнікі, ракетных сістэм”, а таксама “прадпрыемствы, якія пастаўляюць Расіі паліва для вайны”, — усё гэта з’яўляецца “ўцягваннем Беларусі ў вайну”.

У інтэрв’ю тэлеканалу ТСН 21 чэрвеня Зяленскі зноў заявіў, што Лукашэнка на працягу бліжэйшага тыдня павінен прадэманстраваць канкрэтныя крокі па дээскалацыі.

Паводле слоў прэзідэнта, ён тлумачыў Лукашэнку, што трэба рабіць: “Дэманстрацыя канкрэтных крокаў. Крок № 1: ніякай тэхнічнай падтрымкі. Прамая падтрымка рэтранслятараў — выключыць, зняць і паказаць нам, што гэта знята. І мы завяршылі гэтае пытанне. Паколькі гэта перадавалася ім (беларускім уладам. — “Позірк“.) неаднаразова, мы перайшлі ў стадыю публічнага сігналу. Калі не здыме, то мы здымем — усё, што адбудзецца за тыдзень. Альбо яны, альбо мы. Вось і ўсё”.

“Таксама мы ім кажам, даем сігнал: спыніце, калі ласка, пастаўку паліва расійскай арміі. Але гэта толькі сігнал, тут няма ніякіх пагроз, нічога. Мы проста кажам, што гэта бачым”, — сказаў Зяленскі.

Падзяліцца: