Мінск 21:01

У Брэст прыбыў патрыярх Кірыл — прыхільнік вайны ва Украіне

Патрыярх Кірыл
Архіўнае фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

20 чэрвеня, Позірк. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл 20 чэрвеня прыбыў у Брэст.

Паводле інфармацыі і відэаматэрыялу прэс-службы Брэсцкага аблвыканкама, праваслаўнага іерарха ў аэрапорце сустрэлі кіраўнік рэгіёна Пётр Пархомчык, патрыяршы экзарх мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін ды інш.

На сайце Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхата паведамляецца, што ў дзень Беларускіх святых, 21 чэрвеня, прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы “здзейсніць боскую літургію ў Васкрасенскім саборы горада Брэста”.

“Ранкам 22 чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” найсвяцейшы патрыярх Кірыл возьме ўдзел у жалобным мітынгу, прысвечаным 85-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Патрыярх Кірыл неаднаразова выказваўся ў падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, называў вайну “свяшчэннай”. Пазіцыя Рускай праваслаўнай царквы пад яго кіраўніцтвам прывяла да таго, што ў многіх епархіях Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата перасталі згадваць Кірыла ў малітвах, частка духавенства выступіла за разрыў сувязі з РПЦ. Выхад з-пад юрысдыкцыі Масквы сталі абмяркоўваць таксама праваслаўныя ў краінах Балтыі (у Літве падкрэсліваюць выключна кананічную сувязь з РПЦ, у Латвіі парламент абвясціў мясцовую праваслаўную царкву цалкам незалежнай ад якіх-небудзь цэнтраў па-за межамі краіны, у Эстоніі прыняты закон, скіраваны на разрыў сувязі з РПЦ).

Рыторыка Кірыла наконт ваеннай агрэсіі стала адной з прычын, з якой Святы пасад у 2022 годзе на нявызначаны тэрмін адклаў яго сустрэчу з папам рымскім Францішкам. Сустрэча так і не адбылася — Францішак памёр у красавіку 2025 года. Магчымасці сустрэчы прадстаяцеля РПЦ з цяперашнім пантыфікам Львом XIV публічна не абмяркоўвалася.

30 жніўня 2024 года стала вядома, што кіраўнік РПЦ узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага (I ступені) за “развіццё царкоўна-дзяржаўных стасункаў” і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння.

Патрыярх Кірыл неаднаразова наведваў Беларусь з афіцыйнымі візітамі. Папярэдні раз ён быў у чэрвені 2025 года — удзельнічаў у святкаванні 900-годдзя з дня заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку (Віцебская вобласць). Да таго — у чэрвені 2022-га — з нагоды 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях і заснавання Полацкай епархіі.

Некаторыя ініцыятывы структур праваслаўнай царквы ў Беларусі наўпрост падтрымліваюць “рускі свет” і расійскую ваенную агрэсію ва Украіне. Напрыклад, Свята-Елісавецінскі манастыр арганізуе канцэрты ў падтрымку расійскага войска і збірае харчы і сродкі для расійскіх вайскоўцаў. Публічна манастыр паведамляе пра “гуманітарную дапамогу” жыхарам Данбаса.

Праваслаўе лічыцца дамінантнай хрысціянскай канфесіяй у Беларусі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. РПЦ у Расіі штодня моліцца пра “перамогу”.

Падзяліцца: