Мінск 10:23

Ціханоўская заклікала не дапусціць канчатковага ўцягвання Беларусі ў вайну

Святлана Ціханоўская
Архіў: трансляцыя слуханняў у Каардынацыйнай радзе / стоп-кадр: "Позірк"

19 чэрвеня, Позірк. Пра “сур’ёзнае стаўленне да ўсіх сігналаў, якія паступаюць з украінскага боку наконт уключэння Беларусі ў вайну і бяспекі ў рэгіёне“, заявіла 19 чэрвеня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы выказванні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якія прагучалі ў той жа дзень на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Гандураса Насры Асфурай.

“Ва Украіны ёсць усе падставы быць пільнай: менавіта з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе пачалося расійскае ўварванне, і сёння рэжым Лукашэнкі працягвае падтрымліваць расійскую агрэсію“, — нагадала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, на гэтым тыдні ў Кіеве Місія дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне правяла круглы стол, на якім эксперты і прадстаўнікі аб’яднання BelPol прадставілі інфармацыю аб мілітарызацыі Беларусі і планах Расіі па далейшым яе ўключэнні ў вайну. “Гэтыя пагрозы нельга ігнараваць ці недаацэньваць, да іх неабходна ставіцца з усёй сур’ёзнасцю“, — падкрэсліла дэмлідар.

“Украіна размаўляе з Лукашэнкам мовай сілы, таму што менавіта яе ён разумее лепш за ўсё“, — мяркуе палітык. Яна заклікала Лукашэнку ўсвядоміць, што “ўся адказнасць за магчымыя наступствы для краіны будзе ляжаць на ім”.

“Сёння рэжым Лукашэнкі застаецца саўдзельнікам агрэсіі. Ён дае тэрыторыю і інфраструктуру, дапамагаючы Расіі наносіць удары па ўкраінскіх гарадах, пастаўляе Расіі зброю, паліва і абсталяванне для расійскай вайсковай машыны. Калі Лукашэнка сапраўды хоча міру, ён павінен даказаць гэта не словамі, а канкрэтнымі дзеяннямі: спыніць любую падтрымку агрэсіі“, — заявіла Ціханоўская.

“Я ведаю, што беларусы супраць вайны“, — у чарговы раз падкрэсліла яна і звярнулася да кожнага з суайчыннікаў берагчы сябе і не дазваляць“уцягнуць сябе ў чужую вайну”. “Не паддавайцеся прапагандзе, не верце навязаным страхам і варожасці. Не рабіцеся інструментам у чужых імперскіх амбіцыях, таму што гэта не наш выбар“, — заклікала дэмлідар.

Яна назвала агульнай мэтай “не дапусціць, каб Беларусь была канчаткова ўцягнутая ў вайну“, “гэта перш за ўсё адпавядае нацыянальным інтарэсам нашай краіны”, — заявіла палітык.

На згаданай прэс-канферэнцыі ў Кіеве Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай. “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”, — папярэдзіў ён.

У гэтым жа кантэксце прэзідэнт Украіны заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску.

Акрамя таго, Зяленскі адзначыў, што не крыўдзіцца на асабістыя абразы з боку Лукашэнкі — толькі на абразы на адрас Украіны, а атаку дрона на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці паставіў у адзін шэраг з іншымі спробамі Расеі ўцягнуць Беларусь у вайну.

Ціханоўская наведвала Украіну 25-26 траўня і ў другі дзень сустракалася з Зяленскім.

Падзяліцца: