Мінск 10:35

У Польшчы затрыманая група кантрабандыстаў, якія ўвозілі беларускія цыгарэты з 2023 года

Сталіца Польшчы Варшава
Ілюстрацыя: pixabay.com

19 чэрвеня, Позірк. Аб затрыманні членаў арганізаванай злачыннай групы, якая займалася кантрабандай беларускіх цыгарэт, а таксама скупкай і распаўсюджваннем тытунёвых вырабаў, незаконна вырабленых унутры краіны, паведаміла 19 чэрвеня Памежная служба Польшчы.

У сярэдзіне чэрвеня гэтага года супрацоўнікі памежнай заставы ў Любліне “правялі скаардынаваную аперацыю на тэрыторыі Люблінскага, Мазавецкага і Сілезскага ваяводстваў, накіраваную супраць членаў гэтай злачыннай групы”.

Затрымана 8 грамадзян Польшчы, падчас ператрусаў выяўленыя і канфіскаваныя мабільныя тэлефоны, газавыя пісталеты, амаль 24 тыс. пачкаў цыгарэт без польскіх акцызных марак агульным рынкавым коштам блізу 500 тыс. злотых (больш за 134 тыс. долараў ЗША).

У лік будучых штрафаў і пакаранняў канфіскавана 42 тыс. еўра, 156 тыс. злотых (каля 42 тыс. долараў) і 100 долараў, а таксама аўтамабіль “Мерседэс-Бенц“ коштам каля 250 тыс. злотых (больш за 67 тыс. долараў).

Паводле звестак следства, злачынную дзейнасць група вяла ў 2023-2026 гадах. Яна заключалася ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі ў Польшчу, а таксама ў скупцы нелегальна вырабленых унутры краіны цыгарэт. Незаконны тавар распаўсюджваўся ў Польшчы.

Злачынная група выпусціла на ўнутраны рынак больш за 800 тыс. пачкаў нелегальных цыгарэт з рынкавым коштам больш за 16,5 млн злотых (больш за 4,4 млн даляраў). Страты праз нявыплачаныя мыты, акцызны падатак і ПДВ ацэненыя больш чым у 28 млн злотых (7,5 млн долараў), гаворыцца ў рэлізе.

Затрыманым прад’яўленыя абвінавачанні, у тым ліку ва ўдзеле і кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай. За кіраўніцтва ёю пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў, за ўдзел у ёй — да 8.

12 чэрвеня Памежная служба Польшчы паведаміла пра затрыманне 7 грамадзян Польшчы, Літвы і Арменіі. Група “арганізоўвала кантрабандную дастаўку цыгарэт з Беларусі праз Літву ў Польшчу, а затым іх далейшае распаўсюджванне на тэрыторыі Еўрапейскага саюза“. Канфіскавана 6,5 млн пачкаў нелегальных цыгарэт коштам звыш 94 млн злотых (25,7 млн долараў).

Падзяліцца: