Мінск 11:59

Мінск і Масква будуць выкарыстоўваць інцыдэнт з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці РФ для легітымацыі расійскіх удараў па Украіне — ISW

Архіўнае фота: тэлеграм-канал в.а. губернатара Бранскай вобласці Ягора Кавальчука

20 чэрвеня, Позірк. Беларускія афіцыйныя асобы “працягваюць выкарыстоўваць заявы пра нядаўні меркаваны ўкраінскі ўдар па грамадзянскім пасажырскім аўтобусе ў Расіі для абгрунтавання магчымых будучых дзеянняў у адказ”, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

“Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры статутных і іншых органах СНД Ігар Назарук 19 чэрвеня заявіў, што Беларусь пакідае за сабой права зрабіць захады “ў дачыненні да Украіны” для гарантавання бяспекі беларускіх грамадзян, — гаворыцца ў дакуменце. — Расійскія і беларускія афіцыйныя асобы абвінавацілі Украіну ў нанясенні ўдару 17 чэрвеня па пасажырскім аўтобусе, які, як сцвярджаецца, перавозіў дзяцей у Бранскай вобласці”.

“Расія і Беларусь, верагодна, будуць выкарыстоўваць меркаваны ўкраінскі ўдар у Бранскай вобласці для легітымацыі маштабных расійскіх удараў па Украіне, прадстаўляючы іх як адказ на нібыта ўкраінскія атакі супраць грамадзянскага насельніцтва”, — лічаць аналітыкі ISW.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які накіроўваўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзілася 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.

Першапачаткова заяўлялася, што пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Пазней МЗС Беларусі ўдакладніла, што пацярпелых шэсць (пяць — дзеці). Іх шпіталізавалі ў бальніцы Бранскай вобласці (аднаму дзіцяці зробленая аперацыя). 18 чэрвеня пецярых дзяцей і аднаго дарослага з расійскіх бальніц перавезлі ў медустановы Мінска. Астатнія вярнуліся ў Рэчыцу ўвечары 17 чэрвеня.

Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула.

У дзень інцыдэнту Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскі бок не датычны да ўдару па аўтобусе. Абвінавачанні ў гэтым спікер Генштаба Андрэй Кавалёў назваў “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”. Вайсковае камандаванне заявіла таксама, што ў абазначаны перыяд Сілы абароны Украіны не выкарыстоўвалі беспілотныя лятучыя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец “тэрмінова звязаўся” з беларускім бокам і выказаў жаданне далучыцца да “празрыстага і бесстаронняга высвятлення ўсіх фактаў і абставінаў гэтага здарэння”.

Адказ на зварот Лубінца невядомы. У той жа час Мінск, у тым ліку на міжнародных пляцоўках, услед за Масквой абвінавачвае ў тым, што адбылося, Украіну.

Аляксандр Лукашэнка 18 чэрвеня заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў менавіта ўкраінскі беспілотнік: “Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання”.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы 19 чэрвеня гэтую сітуацыю, адзначыў наступнае: “Усе ўжо прызналі, і міжнародныя эксперты, і мне здаецца, што таксама і рускія прызнаюць або, скажам так, не адкрыта, што гэты ўдар быў не наш. Як гэта звязваць? Вельмі проста: рускія будуць рабіць шмат розных правакацый для таго, каб уцягнуць народ Беларусі ў гэтую вайну”.

Падзяліцца: