Мінск 12:36

Інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat амаль цалкам адноўленая пасля хакерскай атакі

Ілюстрацыя: фэйсбук-акаўнт бібліятэкі

20 чэрвеня, Позірк. Беларускую інтэрнет-бібліятэку Kamunikat удалося аднавіць амаль да таго стану, у якім яна знаходзілася да хакерскай атакі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце бібліятэкі 19 чэрвеня.

Адзначаецца, што “незваротна страчаныя толькі асобныя файлы, галоўным чынам ілюстрацыі да архіўных навінавых матэрыялаў“.

“Сёння бібліятэка зноў даступная, функцыянуе і працягвае сваю працу“, — падкрэсліваецца ў тэксце.

Kamunikat звяртае ўвагу, што пасля атакі ў тэлеграм-каналах, блізкіх да беларускіх сілавых структур, з’явіліся публікацыі са скрыншотамі адміністрацыйнай панэлі рэсурсу. “Таму ў нас ёсць усе падставы лічыць, што атака была часткай палітычнага ціску на незалежную беларускую культурную інфраструктуру і што за ёй стаяць беларускія карныя службы“, — гаворыцца ў публікацыі.

Адзначаецца, што “ў старой версіі Kamunikat.org, якая была зачыненая яшчэ да блакавання сайта ў 2023 годзе, існавала магчымасць рэгістрацыі карыстальнікаў“. Пры рэгістрацыі можна было адвольна ўказваць нікнэйм, імя, адрас электроннай пошты і іншыя звесткі. Даныя не правяраліся, “то бок карыстальнік мог упісаць што заўгодна”. Пасля апошняй атакі “варта зыходзіць з таго, што гэтыя звесткі маглі трапіць у рукі беларускіх спецслужбаў”.

У той жа час бібліятэка заяўляе пра адсутнасць “асабліва адчувальных звестак”, да якіх маглі б атрымаць доступ сілавікі. “Kamunikat ўяўляе сабой інтэрнэт-бібліятэку. Мы не захоўвалі банкаўскія даныя, дакументы, перапіску, буйныя масівы асабістай інфармацыі ці іншыя звесткі з высокім узроўнем рызыкі“, — гаворыцца ў паведамленні.

“Пасля кансультацый са спецыялістамі і дзякуючы дапамозе людзей, якія далучыліся да аднаўлення, мы максімальна ўзмацнілі меры бяспекі ў рамках нашых цяперашніх магчымасцяў: перагледзелі падыходы да рэзервовага капіявання, умацавалі абарону сайта і перапрацавалі частку працэсаў так, каб праект быў больш устойлівы да падобных нападаў у будучыні“, — заявіў Kamunikat.

Бібліятэка плануе “выйсці на прынцыпова новы ўзровень тэхнічнай надзейнасці“, “стварыць цалкам новы сайт на сучаснай платформе“, які павінен стаць “больш бяспечным, стабільным і простым у суправаджэнні”.

Беластоцкае ўпраўленне Цэнтральнага бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю паліцыі Польшчы 11 траўня пацвердзіла прыём заявы кіраўніка бібліятэкі Яраслава Іванюка аб магчымым злачынстве ў сувязі з хакерскай атакай на рэсурс.

Сайт Бібліятэкі (kamunikat.org) пацярпеў ад атакі ў ноч на 7 траўня. У той дзень Іванюк паведаміў, што “атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей”. Пасля стала вядома, што архіў бібліятэкі ўдалося аднавіць.

3 сакавіка Камітэт дзяржбяспекі Беларусі прызнаў адным “экстрэмісцкім фарміраваннем” выдавецкія структуры — “Фонд Kamunikat.org”, Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing.

У верасні 2025 года сайт электроннай бібліятэкі Kamunikat быў унесены ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў“, які вядзе Міністэрства інфармацыі.

Kamunikat.org — найбуйнейшая інтэрнэт-бібліятэка беларускай літаратуры, якая дае карыстальнікам свабодны доступ да тысяч кніг, газет і часопісаў. Там знаходзіцца багаты архіў як класічных твораў, так і рэдкіх выданняў беларускай дыяспары. Пляцоўка актыўна развівае сучасныя фарматы, прапаноўваючы вялікую калекцыю аўдыёкніг.

Падзяліцца: