Зяленскі адвёў Лукашэнку тыдзень на зняцце рэтранслятараў для дронаў, заклікаў спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску

19 чэрвеня, Позірк. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай. “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы“, — заявіў Зяленскі 19 чэрвеня ў Кіеве на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Гандураса Насры Асфурай.
У гэтым жа кантэксце ён заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расейскаму войску.
Акрамя таго, Зяленскі адзначыў, што не крыўдзіцца на асабістыя абразы з боку Лукашэнкі — толькі на абразы на адрас Украіны, а атаку дрона на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці паставіў у адзін шэраг з іншымі спробамі Расіі ўцягнуць Беларусь у вайну.
Падрабязнасці.
“Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, кіраўнік Беларусі. Краіна, якая з’яўляецца нашым суседам. Бяспека на мяжы для нас вельмі важная. І ён выдатна разумее, што мы ж дарослыя ўжо хлопцы. Правільна? Ніхто не крыўдзіцца проста на словы — словы асабістыя. Калі абразу маёй краіны — будзем крыўдзіцца і не забудзем. А калі гэта асабістыя нейкія рэчы, ды і дзякуй богу. Выбачыўся, і дзякуй богу, скажам так”, — сказаў Зяленскі.
“Іншая справа, — працягнуў ён, — калі спадар Лукашэнка кажа, што ён не хоча быць уцягнуты ў гэтую вайну, тут ён павінен быць сумленным. Прынамсі, для свайго народа. Таму што гэта не ён можа быць уцягнуты ў вайну. Можа быць ўцягнутая цэлая яго краіна. Уцягнутая Расіяй. Яны з першых дзён гэтай вайны гэта робяць. Гэта факт”.
“Калі пачалася поўнамаштабная вайна, нас атакавалі ракеты. Забілі дзяцей, дарослых, і вы гэта ведаеце. Вялікая колькасць. Ракеты ляцелі з Беларусі, з яго (Лукашэнкі. — “Позірк“.) краіна. І тады ён таксама тэлефанаваў, прасіў прабачэння і казаў, што я (Лукашэнка. — “Позірк“.) гэта не кантраляваў, Расія дзейнічала на сваёй зямлі. І, безумоўна, я ў гэта не веру, але ён пра гэта ўжо казаў“, — сказаў прэзідэнт.
На ягоную думку, Расія будзе працягваць штурхаць Лукашэнку ў гэтую вайну. “Цяпер ён разумее, што Украіна будзе адказваць. Не трэба лішніх слоў. У яго сёння, адпаведна на яго вышках ёсць рэтранслятары. Расійскія рэтранслятары, беларускія — якая нам розніца? На яго тэрыторыі ўздоўж дзвюх абласцей, якія мяжуюць з Украінай (Брэсцкая і Гомельская. — “Позірк“.), знаходзіцца тэхніка, якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве. Менавіта насельніцтве. Там у нас няма цяпер такога моцнага фронту, дзе Украіна і Беларусь. Забіваюць там цывільных”, — падкрэсліў Зяленскі.
“Там рэтранслятары на адпаведных вышках. Ён можа гэта зняць? Да чаго словы, што ён не хоча быць у вайне? Хай здыме гэтую тэхніку, хай выключыць гэтую тэхніку”, — заклікаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
“Я думаю, — працягнуў ён, — што яму тыдня будзе дастаткова гэта зрабіць. Чаму я кажу “тыдня”? Таму што цяпер кожны дзень праз гэта гінуць нашы цывільныя людзі. Параненыя, дзеці”. “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”, — папярэдзіў прэзідэнт.
“Гэтак жа, як і яго, напрыклад, нафтапрамысловасць, — адзначыў ён. — Мы робім усё, каб у расіян не было магчымасці прадаваць нафту і даваць адпаведна дызель і нафту свайму войску, таму што ўсё гэта выкарыстоўваецца супраць нас. Ён сёння галоўны пастаўшчык або адзін з галоўных пастаўшчыкоў для расійскай арміі. Менавіта Лукашэнка, менавіта Беларусь. Можна гэта спыніць? Упэўнены, гэта ў яго сілах. І гэта менавіта ён кантралюе”.
Адносна дронавай атакі на беларускі аўтобус з дзецьмі ў Бранскай вобласці Зяленскі заявіў: “Усе ўжо прызналі, і міжнародныя эксперты, і мне здаецца, што таксама і рускія прызнаюць ці, скажам так, не адкрыта, што гэты ўдар быў не наш“.
“Як гэта звязваць? Вельмі проста: расіяне будуць рабіць шмат розных правакацый для таго, каб уцягнуць народ Беларусі ў гэтую вайну“, — сказаў Зяленскі.
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка


