Мінск 12:36

Латушка звярнуўся да Лукашэнкі: Дзейнічай, бяжы хутчэй, ты павінен выканаць ультыматум Зяленскага

Павел Латушка
Архіўнае фота: "Позірк"

20 чэрвеня, Позірк. “Лукашэнка, дзейнічай, бяжы хутчэй. Калі ты кажаш, што ты за мірнае неба і не хочаш удзельнічаць у вайне, то ты павінен выканаць ультыматум Зяленскага“, — з такім зваротам выступіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, каментуючы выказванні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Гандураса Наср Асфурай у Кіеве 19 чэрвеня.

“Заява прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага — гэта не проста палітычнае папярэджанне, гэта канстатацыя крытычнага пункту, да якога рэжым Лукашэнкі падвёў Беларусь. Калі з нашай тэрыторыі працягваюць карэктаваць удары па ўкраінскіх гарадах і пастаўляць паліва для танкаў агрэсара, дзеянні ў адказ становяцца для Украіны прынцыповым пытаннем“, — заявіў Латушка.

На яго думку, “у гэты пераломны момант“ важна падкрэсліць, што “апраўданні Лукашэнкі перад Украінай і міжнароднай супольнасцю больш не працуюць”. “Нельга заяўляць пра “мір”, адначасова даючы беларускія НПЗ (нафтаперапрацоўчыя заводы. — Позірк.) для запраўкі расійскіх танкаў і дазваляючы размяшчаць рэтранслятары для навядзення ракет і ўдарных дронаў на жылыя дамы ў Кіеве і іншых гарадах Украіны“, — перакананы намеснік кіраўніцы АПК.

“Папярэджанне кіраўніцтва Украіны —гэта не блеф. Гэта законнае права на самаабарону”, — падкрэсліў Латушка. Паводле яго слоў, калі Украіна “сама здыме“ расійскае вайсковае абсталяванне, уся віна за наступствы ляжа выключна на Лукашэнку.

“Дыктатар працягвае здаваць суверэнітэт краіны. У яго застаўся апошні шанец, ён абавязаны неадкладна і цалкам адключыць любое расійскае абсталяванне каардынацыі, сувязі і РЭБ, а таксама спыніць пастаўкі гаруча-змазачных матэрыялаў для патрэб войска Расіі“, — заявіў палітык.

Ён рэкамендаваў суайчыннікам у Беларусі “трымацца далей ад вайсковых аб’ектаў”. “Гэтыя аб’екты могуць знаходзіцца ў зоне падвышанай рызыкі. Не набліжайцеся да расійскай тэхнікі. Калі вы бачыце перамяшчэнне расійскіх комплексаў РЭБ, сувязі або радыёлакацыі — не падыходзіце да іх. Яны могуць стаць мэтай у любую хвіліну”, — папярэдзіў Латушка.

Кіраўнік НАУ заклікаў не паддавацца паніцы і дзяржаўнай прапагандзе, якая “будзе спрабаваць распаліць нянавісць да ўкраінцаў“. “Наш вораг не Украіна. Наш агульны вораг — два дыктатары, якія дзеляць нашы народы дзеля асабістай улады“, — заявіў ён.

На згаданай прэс-канферэнцыі ў Кіеве Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай. “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”, — заявіў ён.

У гэтым жа кантэксце прэзідэнт Украіны заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску.

Акрамя таго, Зяленскі адзначыў, што не крыўдзіцца на асабістыя абразы з боку Лукашэнкі — толькі на абразы на адрас Украіны, а атаку дрона на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці паставіў у адзін шэраг з іншымі спробамі Расіі ўцягнуць Беларусь у вайну.

Дэмакратычны лідар, кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская наведвала Украіну 25-26 траўня і ў другі дзень сустракалася з Зяленскім. Латушка таксама быў у складзе беларускай дэлегацыі.

Гл. таксама па тэме:

Ціханоўская заклікала не дапусціць канчатковага ўцягвання Беларусі ў вайну

Падзяліцца: