Мінск 18:12

Улады скасавалі абавязковы характар ​​выплаты пенсіі за асаблівыя заслугі і маюць намер пазбаўляць яе грамадзян, якія з’ехалі

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

20 чэрвеня, Позірк. Абавязковы характар ​​выплаты пенсіі за асаблівыя заслугі перад Беларуссю скасаваны пастановай Савета міністраў № 306 ад 19 чэрвеня 2026 года, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз трансфармацыі гэтага нарматыўнага акта.

Дакумент, апублікаваны 20 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уносіць змены ў палажэнне пра пенсіі за асаблівыя заслугі, якое ўрад зацвердзіў 11 снежня 2023 года.

У снежаньскай пастанове № 865 гаварылася, што “права на пенсію за асаблівыя заслугі” маецца ў грамадзян, што стала пражываюць на тэрыторыі краіны, якія “маюць асаблівыя заслугі” перад Беларуссю і атрымліваюць пенсію “на падставе ўзросту, за выслугу гадоў <…> па дасягненні агульнавызначанага пенсійнага ўзросту”, “на падставе інваліднасці <…> незалежна ад узросту”.

Тады ж было вызначана, што “пенсія за асаблівыя заслугі прызначаецца” пэўным катэгорыям грамадзян.

У новай пастанове фармулёўка “права на пенсію” замененая на “права на зварот за прызначэннем пенсіі”, а фармулёўка “пенсія <…> прызначаецца” — на “пенсія <…> можа быць прызначаная”.

Абавязковым крытэрыем для прызначэння пенсіі за асаблівыя заслугі стала наяўнасць пенсіі на падставе ўзросту пры поўным стажы працы.

У першапачатковым дакуменце было пазначана, што “пенсія за асаблівыя заслугі не прызначаецца, а выплата прызначанай пенсіі за асаблівыя заслугі спыняецца”, калі заяўнік або атрымальнік быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, займаўся “дзейнасцю, якая супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі” Беларусі, праявіў “непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу”, здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне “супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці”; быў пазбаўлены пэўных узнагарод; прадставіў “недакладныя або неабгрунтаваныя звесткі, на падставе якіх была прызначаная пенсія за асаблівыя заслугі”.

З гэтага пераліку напрыканцы 2024 года былі выключаныя згадкі пра адміністрацыйныя правапарушэнні, але дададзены максімальна шырокі ў плане тлумачэння пункт пра “здзяйсненне іншых дзеянняў, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам”.

У абнаўленні, прынятым у чэрвені 2026-га, механізм адмовы ў прызначэнні або пазбаўлення прызначанай пенсіі за асаблівыя паслугі па сутнасці спрашчаецца. Камісіі, якая разглядае гэтыя пытанні, фактычна не патрэбнае судовае рашэнне, дастаткова “высвятлення фактаў здзяйснення дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы, дзяржаўным і (або) грамадскім інтарэсам або ствараюць пагрозу нанясення такой шкоды, альбо скіраваных на дыскрэдытацыю або непаважлівае стаўленне да канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь (незалежна ад прыцягнення да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці)”.

Акрамя таго, з базавай пастановы вынікала, што грамадзяніну трэба пражываць у Беларусі толькі ў момант звяртання па прызначэнне пенсіі за асаблівыя заслугі. У чэрвеньскім дакуменце сталае пражыванне па-за межамі краіны стала адной з падстаў для пазбаўлення ўжо прызначанай пенсіі.

Згодна з базавай пастановай, асобамі, якія маюць асаблівыя заслугі перад Беларуссю, з’яўляюцца ўганараваныя ганаровымі званнямі героя (Беларусі, Савецкага Саюза, Сацыялістычнай Працы); ордэнаў трох ступеняў (Айчыны, Славы, Працоўнай Славы, “За службу Радзіме”, “За службу Радзіме ва УС СССР”); званняў “народны…”, “заслужаны…”, дзяржпрэмій (у абодвух выпадках — Беларусі, БССР або СССР); жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей, адзначаныя адной або некалькімі спецыяльнымі беларускімі або савецкімі медалямі, ордэнамі; грамадзяне, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў Беларусі; члены ўрада, старшыні сталічнага і абласных выканкамаў (пасля спынення працы на пасадзе, па якой прадстаўленыя да прызначэння пенсіі); пераможцы і прызёры Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёны свету і Еўропы. Пазней да гэтага спісу былі дададзеныя касманаўты.

Падзяліцца: