Мінск 11:30

“Гарантам справядлівага светаўладкавання” назваў Лукашэнка Расію, якая вядзе агрэсіўную вайну

Архіўнае відэа: ютуб-канал "Камсамольскай праўды" / стоп-кадр: "Позірк"

12 чэрвеня, Позірк. “Упэўненай у сваёй сіле перадавой дзяржавай, адной з вядучых дзяржаў з магутным эканамічным і абаронным патэнцыялам, гарантам справядлівага светаўладкавання ва ўмовах глабальнай трансфармацыі” назваў РФ Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 12 чэрвеня прэзідэнта гэтай краіны Уладзіміра Пуціна і народ з Днём Расіі.

Беларусы, паводле сцвярджэння віншавальніка, “заўсёды ішлі з расіянамі рука аб руку на шматвяковым гераічным шляху”. Паводле яго слоў, “памяць пра сумеснае пераадоленне выпрабаванняў, агульныя дасягненні і перамогі перадаецца з пакалення ў пакаленне”.

“Менавіта праверанае гадамі беларуска-расійскае сяброўства дае невычэрпную энергію для далейшага гарманічнага развіцця нашых брацкіх краін і народаў”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба Лукашэнкі.

Сярод іншага віншавальнік зычыў Пуціну “выбітных поспехаў у імя Айчыны”.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

21 траўня Лукашэнка ў чарговы раз заявіў пра падрыхтоўку уладаў да вайны.

“Мы рыхтуемся да вайны. Не будзе гэтай вайны — ну і дзякуй богу, што яе не будзе. Мы не хочам гэтай вайны. Але мы памятаем урокі 1939–1941 гадоў. Вы памятаеце, што аж да Масквы фашысты дайшлі. <…> Таму на ўсялякі выпадак мы рыхтуемся па поўнай праграме. А ўжо будзе вайна ці не — гэта не ад нас залежыць”, — сказаў ён дзяржСМІ, наведваючы ракетную брыгаду Узброеных сіл у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці, дзе прайшлі манеўры ў рамках “сумеснай з Расіяй трэніроўкі ядзерных сіл”.

“Калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны зробяць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні цывільнай, ні вайсковай”, — дадаў Лукашэнка, прапанаваўшы ўкраінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму сустрэцца.

Раней у той дзень Зяленскі заявіў пра ўзмацненне групоўкі войскаў ля мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, 20 траўня на пасяджэнні стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага “адпаведныя рашэнні” былі прынятыя на падставе інфармацыі “розных разведак” адносна “магчымай, патэнцыяльнай эскалацыі з боку ворага”.

Расія, нападаючы на ​​Украіну ў 2022 годзе, заяўляла пра амбітныя планы захопу краіны на лічаныя дні, чаго так і не адбылося.

У апошні час Украіна стала маштабна і дакладна біць углыб Расіі, пашкоджваючы і знішчаючы крытычныя аб’екты, не даючы РФ хутка аднавіць нафтавую інфраструктуру.

Паводле даных арганізацыі ACLED, якая адсочвае канфлікты, з 2022 года да канца 2024-га Украіна нанесла 335 удараў па цэлям на адлегласці не менш за 100 км ад расійскай мяжы. Толькі ў 2025 годзе такіх удараў было ўжо 658 — амаль удвая больш, чым за папярэднія тры гады разам узятыя. Пры цяперашніх тэмпах у 2026 годзе колькасць удараў можа перавысіць 800, пісалі ўкраінскія СМІ са спасылкай на The Economist.

Уведзеныя супраць РФ за вайну заходнія санкцыі ўжо абышліся Маскве, паводле ацэнак ЕС, у 1,2–1,5 трлн долараў (1,04–1,3 трлн еўра), паведамляў партал “Еўраньюс”.

Беларусь таксама трапіла пад шматлікія заходнія санкцыі за дапамогу Маскве ў вайне.

9 чэрвеня кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прадстаўляючы 21-ы санкцыйны пакет ЕС супраць Расіі, заявіла пра намер у кантэксце санкцый надаць больш увагі Мінску, каб ён “не мог служыць пралазай для расійскага гандлю”.

Падзяліцца: