Мінск 13:24

“Аэрафлот” запусціць рэгулярныя рэйсы ў Мінск з Чэбаксар і Ніжняга Ноўгарада

11 чэрвеня, Позірк. Расійская авіякампанія “Аэрафлот” адкрые рэгулярныя рэйсы ў беларускую сталіцу з Ніжняга Ноўгарада і Чэбаксар, паведамляе прэс-служба нацыянальнага аэрапорта Мінск.

29 чэрвеня пачнуцца палёты паміж Чэбаксарамі і Мінскам. Рэйсы будуць ажыццяўляцца двойчы на тыдзень — па панядзелках і чацвяргах.

Паміж Ніжнім Ноўгарадам і Мінскам авіязносіны адкрыюцца з 5 ліпеня. Запланаваныя тры палёты на тыдзень — па аўторках, пятніцах і нядзелях.

Як адзначаецца, на маршрутах будуць задзейнічаны лайнеры Airbus A320 у двухкласнай кампаноўцы: эканом і бізнес.

“Чакаецца, што новыя рэйсы ўмацуюць дзелавыя сувязі паміж дзяржавамі, станоўча адаб’юцца на развіцці турызму і будуць карыстацца попытам у расіян і грамадзян Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Працягнуць “развіццё авіятранспартнага комплексу, фарміраванне эфектыўнай інфраструктуры паветранага транспарту для задавальнення патрэбнасці эканомікі і насельніцтва ў авіяцыйных паслугах” — такая мэта закладзена ў падпраграме “Паветраны транспарт” у рамках дзяржаўнай праграмы “Транспарт Беларусі” на 2026–2030 гады.

Тэкст дакумента ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 778 ад 29 снежня 2025 года, апублікаванай 7 студзеня 2026-га на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Сярод іншага ў праграме гаворыцца, што ў Беларусі ёсць 11 сертыфікаваных аэрадромаў, у тым ліку міжнародных зносін — 7. На нацыянальны аэрапорт Мінск прыпадае больш за 95% аб’ёму пасажырскіх авіяперавозак.

“Рэйсы на рэгулярнай аснове з (у) нацыянальнага аэрапорта Мінск выконваюцца 10 авіяперавозчыкамі. Працягваецца актыўная праца па загрузцы вытворчых магутнасцяў абласных аэрапортавых комплексаў: арганізавана выкананне рэгулярных рэйсаў “Белавія” з аэрапортаў Брэст і Гомель у Маскву і Санкт-Пецярбург, з Магілёва ў Маскву, чартэрных рэйсаў з Брэста, Віцебска, Гомеля, Магілёва ў Турцыю, з Віцебска і Гомеля ў Егіпет. Аб’ём абслужаных пасажыраў у аэрапортах вырас больш чым у 1,4 раза да ўзроўню 2020 года”, — гаворыцца ў дакуменце.

Падзяліцца: