Мінск 12:04

Расія вярнула ў Беларусь чарговую партыю пчол

Фота: Рассельгаснагляд

11 чэрвеня, Позірк. Аб вяртанні ў Беларусь 500 пчалапакетаў (набор для засялення новых вулляў, які складаецца з пчаламаткі, пчол-работніц і корму. — “Позірк”.) паведаміла 10 чэрвеня Федэральная служба Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Пчалапакеты перавозіліся ў “драўляных скрынях у аўтатранспартных сродках”, гаворыцца ў рэлізе.

Адзначаецца, што падчас праверкі на расійска-беларускім участку мяжы ў вёсцы Лабок Пскоўскай вобласці “была ўстаноўленая адсутнасць ветэрынарных суправаджальных дакументаў на жывы тавар, якія пацвярджаюць правядзенне неабходных даследаванняў і апрацовак”.

Перамяшчэнне пчалапакетаў па мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза было забаронена, “у дачыненні да асоб, якія перамяшчаюць тавар, ужытыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння”, паведаміла ведамства.

11 мая Рассельгаснагляд не прапусціў аўтамашыну пад кіраваннем беларускага грамадзяніна, якая перавозіла з Гомельскай вобласці ў Растоўскую вобласць 170 пчалапакетаў. Тады пры кантролі “было ўстаноўлена, што ў ветэрынарным сертыфікаце, які суправаджаў груз, не ўказаныя даныя аб абавязковых лабараторных даследаваннях на наяўнасць некаторых відаў шкодных насякомых-паразітаў і аб дэзінфекцыі пакавальнага матэрыялу”.

Яшчэ не менш за 155 беларускіх пчалапакетаў расійскае ведамства “развярнула” ў красавіку.

Падзяліцца: