Мінск 16:23

У Літве затрыманая партыя цыгарэт коштам амаль 2 млн еўра — з беларускімі акцызнымі маркамі, меркавана падробленых

Фота: Мытня Літвы

10 чэрвеня, Позірк. Пра затрыманне буйной партыі беларускіх цыгарэт паведаміла 10 чэрвеня Мытня Літвы.

Груз перавозіўся па літоўскай тэрыторыі на аўтамабілі MAN, які быў спынены ў Каўнаскім раёне.

Мытня паведамляе, што цыгарэты маркі “Winston Blue”, маркіраваныя беларускімі акцызнымі маркамі, як мяркуецца, былі падробленыя на падпольнай тытунёвай фабрыцы ў Латвіі.

“Грамадзянін Украіны, які кіраваў машынай, заявіў, што перавозіць груз аднаразовага посуду. Аднак падчас агляду ў супрацоўнікаў узніклі падазрэнні, што ў скрынках, абгорнутых чорнай поліэтыленавай плёнкай, знаходзяцца зусім іншыя тавары”, — гаворыцца ў паведамленні.

Цыгарэты былі спакаваныя ў 720 скрынак, размешчаных на 18 драўляных паддонах. Усяго канфіскавана 360 тыс. пачкаў. Кошт партыі складае 1,98 млн еўра.

Кіроўца грузавіка затрыманы на двое сутак. Распачатае дасудовае расследаванне.

Паводле звестак Мытні Літвы, летась яе супрацоўнікі канфіскавалі амаль 7 млн пачкаў нелегальных цыгарэт, пераважна ўвезеных з Латвіі. Паведамляецца, што “наяўныя даныя дазваляюць выказаць здагадку, што ў Латвіі падрабляюцца як цыгарэты вядомых сусветных тытунёвых кампаній, так і беларускія цыгарэты”.

Падзяліцца: