Мінск 01:30

На турніры пад эгідай МУС Беларусі адзначыліся акупацыйныя войскі РФ, ім уручаны матацыкл

Фота: прэс-служба МУС

10 чэрвеня, Позірк. Прадстаўнікі “САХР “Лідар” упраўлення Расгвардыі па Херсонскай вобласці” сталі пераможцамі сярод замежных каманд на штогадовым адкрытым турніры па практычнай (тактычнай) стральбе сярод груп аператыўна-баявога прызначэння пад эгідай МУС Беларусі.

“Акрамя медалёў і дыпломаў яны сталі ўладальнікамі матацыкла“, — паведамляе прэс-служба міністэрства.

Мерапрыемства пад дэвізам “Ні кроку назад“ прайшло з 2 па 9 чэрвеня ў каледжы МУС (вёска Гарані Мінскага раёна) і спартыўна-тактычным комплексе сталічнага АМАП.

Паводле сцвярджэння міністра Івана Кубракова, у спаборніцтвах удзельнічала “эліта спецыяльных падраздзяленняў з брацкіх і дружалюбных [Мінску] краін“. Ён пералічыў Азербайджан, В’етнам, РФ, Таджыкістан і Узбекістан. Таксама былі каманды мясцовых сілавікоў.

Расгвардыя (Федэральная служба войскаў нацыянальнай гвардыі РФ) — дзяржаўная ваенная арганізацыя, якая афіцыйна створаная для “забеспячэння грамадскай бяспекі, аховы важных дзяржаўных аб’ектаў і барацьбы з тэрарызмам“.

На практыцы выкарыстоўвалася для барацьбы з іншадумствам, удзельнічала ў нападзе на Украіну.

Мінск наладжвае ўзаемадзеянне з акупацыйнай адміністрацыяй Расіі на ўсходзе Украіны, называючы ўслед за Масквой акупаваныя землі “новымі тэрыторыямі” Расіі.

Летась у верасні Мінск наведвала дэлегацыя акупаванай РФ часткі Херсонскай вобласці Украіны (кіраўнік Уладзімір Сальда), у кастрычніку — т.зв. “луганскай народнай рэспублікі“ (Леанід Пасечнік).

Візіцёры перыядычна прыязджаюць у Беларусь, з імі сустракаецца Аляксандр Лукашэнка.

У лютым мінулага года прапагандысты Вадзім Гігін (дэпутат Палаты прадстаўнікоў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі), Георгій Азаронак і лідар прарасійскага “Руху Саюз“ Сяргей Лушч наведалі акупаваную Расіяй частку Запарожскай вобласці Украіны.

22 красавіка 2026 года амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў сустрэўся ў Мінску са студэнтамі з т. зв. “лнр“, “данецкай народнай рэспублікі“ і акупаванай часткі Запарожжа, вынікала з паведамлення дыпмісіі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: