Мінск 16:19

Украіна і РФ абмяняліся палоннымі праз тэрыторыю Беларусі — сёмы раз у 2026 годзе

Фота ў тэлеграм-канале Уладзіміра Зяленскага

5 чэрвеня, Позірк. Украіна і Расія 5 чэрвеня перадалі адзін аднаму па 185 палонных, вынікае з інфармацыі афіцыйных крыніц Кіева і Масквы.

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што на радзіму вярнуліся вайскоўцы і адна цывільная асоба. Некаторыя з іх былі ў расійскім палоне з 2022 года.

Паводле інфармацыі палітыка, вызваленыя вайскоўцы абаранялі Украіну ў Марыупалі і на “Азоўсталі”, а таксама на Данецкім, Луганскім, Харкаўскім, Херсонскім, Запарожскім, Сумскім, Кіеўскім і Курскім кірунках.

Расійскія крыніцы паведамляюць, што вызваленню вайскоўцаў РФ з палону спрыялі “пасрэдніцкія намаганні аказалі ААЭ”. Вайскоўцы зараз знаходзяцца ў Беларусі.

Гэта сёмы ад пачатку года абмен украінскімі і расійскімі палоннымі праз беларускую тэрыторыю.

Першы ў 2026 годзе абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і РФ праз Беларусь адбыўся 5 лютага (157 чалавек з кожнага боку), другі — 5 сакавіка (па 200), трэці — 6 сакавіка (па 300), чацвёрты — 11 красавіка (па 175 вайскоўцаў і 7 цывільных), пяты — 24 красавіка (па 193 ваенных), шосты — 15 траўня (па 205).

12 красавіка ў праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” выйшаў рэпартаж, з якога вынікае, што расійскія вайскоўцы, якія вызваляюцца з украінскага палону, праходзяць лячэнне ў Гомелі.

Падзяліцца: