Мінск 22:12

Рыжанкоў абмеркаваў з міністрам з КНДР супрацоўніцтва ў сферах харчавання і аховы здароўя

Фота: МЗС

2 чэрвеня, Позірк. Супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі і аховы здароўя абмеркавалі 2 чэрвеня ў Мінску міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і міністр знешнеэканамічных спраў Паўночнай Карэі Юн Чжон Хо, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Суразмоўцы, як заяўлена, “абмяняліся думкамі аб шляхах актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў адпаведнасці з устаноўкамі, дадзенымі па выніках візіту <…> Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР у сакавіку 2026 года”.

Бакі адзначылі “ўзаемную зацікаўленасць у канвертацыі высокага ўзроўню палітычных кантактаў у новыя перспектыўныя праекты ў эканамічнай сферы”.

Таксама дасягнутая дамоўленасць “паскорыць падрыхтоўку да правядзення ў Мінску чацвёртага пасяджэння сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і КНДР”, гаворыцца ў паведамленні.

Юн Чон Хо, які наведвае Мінск, напярэдадні сустрэўся з намеснікам прэм’ер-міністра Юрыем Шулейкам. Сярод іншага, як адзначалася, бакі разгледзелі “ход выканання дамоўленасцяў, дасягнутых па выніках” візіту Лукашэнкі ў Паўночную Карэю.

12 красавіка “супрацоўніцтва ў тройцы Беларусь — Расія — КНДР” абмеркавалі па тэлефоне Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Візіт Лукашэнкі ў КНДР праходзіў 25–26 сакавіка.

26 сакавіка па выніках перамоў са старшынёй Дзяржаўных спраў КНДР Кім Чэн Ынам падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Паўночнай Карэяй.

На перамовах з Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць аб супрацоўніцтве дзесьці на траіх”.

“Паўночная Карэя, Расія, <…> я думаю, кавалак працы і Беларусі там знойдзецца з улікам тых праблем, якія існуюць”, — сказаў палітык.

КНДР — закрытая дзяржава з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы. З моманту заснавання ў 1948 годзе вярхоўная ўлада перадавалася ад бацькі да сына — ад Кім Ір Сена да Кім Чэн Іра, а затым да Кім Чэн Ына.

Беларускія ўлады сталі актыўна заяўляць пра сваю цікавасць да Паўночнай Карэі некалькі гадоў таму.

Падзяліцца: