Мінск 11:41

Швейцарскі суд пачаў разглядаць скаргу на апраўдальны вырак экс-байцу САХР Гараўскаму, датычнаму да гучных знікненняў

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

22 верасня, Позірк. У Швейцарыі 22 верасня пачаўся апеляцыйны працэс па справе былога байца спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрыя Гараўскага, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

“Былы баец САХР, які распавядаў пра сваю датычнасць да знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. <…> У 2023 годзе суд палічыў яго паказанні недастаткова надзейнымі і апраўдаў паводле абвінавачанняў у гвалтоўных знікненнях і перашкодах правасуддзю, — гаворыцца ў паведамленні. — Сваякі зніклых палітыкаў не пагадзіліся з гэтым рашэннем і дамагаюцца абвінаваўчага выраку ў дачыненні да Гараўскага”.

Адзначаецца, што за працэсам назірае праваабаронца “Вясны” Павел Сапелка, а таксама прадстаўнікі Trial International і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.

У 2019 годзе былы баец САХР Гараўскі заявіў у СМІ, што 7 траўня 1999 года быў у складзе г.зв. “эскадрона смерці”, які на загад камандзіра САХР Дзмітрыя Паўлічэнкі выкраў і забіў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасня таго ж года — палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.

У верасні 2023 года суд швейцарскага горада Роршах разгледзеў справу аб гвалтоўным знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага ў рамках універсальнай юрысдыкцыі. Гвалтоўнае знікненне класіфікуецца як злачынства супраць чалавечнасці. Суд прызнаў Гараўскага невінаватым, палічыўшы доказы яго віны недастатковымі.

Праваабаронцы заявілі, што апраўдальны вырак не ставіць пад сумнеў злачынствы рэжыму Лукашэнкі.

Падзяліцца: