Мінск 02:32

Пачобут па-ранейшаму мае намер вярнуцца ў Беларусь назаўжды — не выключае “найгоршага сцэнарыя”, але не лічыць яго абавязковым

Анджэй Пачобут
Відэа: TVP / стоп-кадр: "Позірк"

22 верасня, Позірк. Журналіст і актывіст неафіцыйнага Саюза палякаў Анджэй Пачобут па-ранейшаму мае намер вярнуцца ў Беларусь назаўжды. Пра свае планы ён распавёў у інтэрв’ю тэлеканалу TVP.

Пачобут правёў у зняволенні больш за 5 з 8 гадоў, прызначаных яму беларускім судом у якасці пакарання ў рамках палітычна матываванай справы. Напрыканцы красавіка 2026 года ён быў вызвалены ў выніку абмену па формуле “пяць на пяць”, у якім з аднаго боку ўдзельнічалі Польшча і Малдова, з другога — Беларусь і Расія.

Пачобут неаднаразова заяўляў, што магчымасць вярнуцца ў Беларусь была адной з прынцыповых умоў, на якіх ён пагадзіўся пакінуць краіну пасля выхаду на свабоду. У верасні ён на тыдзень прыехаў у Беларусь, дзе сутыкнуўся з падвышанай увагай сілавікоў, але абышлося без эксцэсаў. Пасля экс-палітвязень вярнуўся ў Польшчу.

У інтэрв’ю TVP Пачобут патлумачыў, што яму трэба было ўладкаваць у Варшаве “розныя арганізацыйныя пытанні” перад паездкай у Злучаныя Штаты Амерыкі. Аднак глабальна яго планы не змяніліся — пасля хуткага візіту ў ЗША ён мае намер вярнуцца ў Беларусь і працягнуць там сваю дзейнасць. У першую чаргу — працаваць над кнігай пра перажытае ў зняволенні.

Паводле слоў журналіста, сярод яго блізкіх ідэя вяртання ў Беларусь “энтузіязму не выклікала”, але “ўсе яе прынялі”. “Натуральна, ніхто не хоча, каб блізкі чалавек апынуўся ў небяспечнай сітуацыі, — адзначыў ён. — Але я хачу толькі нагадаць, што ў Беларусі ў такой сітуацыі знаходзяцца сотні тысяч палякаў, там застаюцца і ўсе актывісты Саюза палякаў, якія працягваюць сваю дзейнасць у Беларусі. Таму мая сітуацыя, маё вяртанне зусім не з’яўляюцца нечым выключным”.

Разважаючы пра тое, ці можа рэжым Аляксандра Лукашэнкі другі раз не ўпусціць у Беларусь, Пачобут адзначыў, што не ведае, “як павядуць сябе ўлады Беларусі”: “Думаю, што і самі беларускія ўлады да канца не ведаюць, як яны павядуць сябе, бо сітуацыя дынамічная”.

На пытанне, ці не асцерагаецца ён, што вынікам яго будучай дзейнасці ў Беларусі стане вяртанне ў турму, экс-палітвязень канстатаваў, што “ніколі нельга выключаць найгоршага сцэнарыя”, аднак “маюцца падставы меркаваць, што неабавязкова ўсё будзе развівацца менавіта ў бок узмацнення рэпрэсій і пагаршэння сітуацыі”.

“Рэжым Лукашэнкі [ужо] дэманстраваў пэўную цыклічнасць паводзін: калі ён адчуваў пагрозу, рэпрэсіі ўзмацняліся, ціск павялічваўся, людзей саджалі ў турмы, і тады меркаванне Захаду не адыгрывала для Лукашэнкі ніякай ролі, — патлумачыў Пачобут. — Але калі сітуацыя была стабільнай… А ў размовах з амерыканцамі Лукашэнка хваліўся, што сітуацыя стабільная і ён цалкам кантралюе ўнутранае становішча ў Беларусі, — гэта праўда. Я быў у Беларусі, бачыў і адчуваў, што сітуацыя там цалкам кантралюецца рэжымам… У такой сітуацыі на першы план выходзіць эканоміка”.

“А рэжым Аляксандра Лукашэнкі зацікаўлены ў эканамічнай супрацы з Захадам. Гэта, у сваю чаргу, вымушае яго праяўляць разуменне або больш уважліва ставіцца да тых пытанняў, якія важныя для Захаду”, — дадаў ён.

Падзяліцца: