Мінск 23:05

У Беларусь прыбыла дэлегацыя на чале з ідэолагам арміі В’етнама

Начальнік Галоўнага палітупраўлення арміі В'етнама Нгуен Чонг Нгіа і галоўны ідэолаг УС Беларусі Леанід Касінскі
Фота: прэс-служба Мінабароны

21 верасня, Позірк. Вайсковая дэлегацыя з В’етнама прыбыла ў Беларусь з афіцыйным візітам, паведаміла 21 верасня прэс-служба беларускага Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, дэлегацыю ўзначальвае начальнік Галоўнага палітычнага ўпраўлення В’етнамскай народнай арміі Нгуен Чонг Нгіа.

У рамках візіту, які працягнецца некалькі дзён, запланаваныя перамовы пра двухбаковую вайскова-палітычную супрацу, сустрэчы з вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, наведванне мемарыяльных комплексаў і музеяў, якія “маюць важнае гістарычнае і культурнае значэнне” для Беларусі.

В’етнамскае выданне “Народная армія” паведамляла, што Нгуен Чонг Нгіа паслядоўна здзейсніць два візіты — у Беларусь і Алжыр — у адпаведнасці з “планамі супрацы на 2026 год з міністэрствамі абароны” гэтых краін. Мэтай паездак заяўленыя кантакты кіраўніцтва В’етнамскай народнай арміі з вайсковым кіраўніцтвам Беларусі і Алжыра, а таксама развіццё абароннай супрацы з кожнай з іх.

24 студзеня паведамлялася, што аташэ па пытаннях абароны В’етнама Као Нгок Ха акрэдытаваны пры Міністэрстве абароны Беларусі.

Летась у снежні В’етнам наведваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Падчас візіту чыноўнік заявіў, што супраца ў сферы бяспекі “стала сапраўдным драйверам беларуска-в’етнамскіх стасункаў, у тым ліку гандлёва-эканамічных”.

Вальфовіч і міністр грамадскай бяспекі В’етнама Лыонг Там Куанг падпісалі пратакол аб стварэнні сумеснай рабочай групы па пашырэнні і ўмацаванні супрацы ў сферы бяспекі.

Дзяржсакратар Савета бяспекі паведаміў, што толькі на працягу 2024–2025 гадоў “па лініі вайсковага ведамства, спецслужбаў і праваахоўных органаў праведзены дзясяткі сустрэч рознага ўзроўню”, “бакамі падпісана каля 10 міжведамасных дакументаў аб супрацы”, дзейнічае “змяшаная беларуска-в’етнамская камісія па вайскова-тэхнічнай супрацы”.

“Маюцца канкрэтныя прыклады эфектыўнага ўзаемадзеяння ў такой адчувальнай і важнай сферы, як барацьба з тэрарызмам і экстрэмізмам. Кіраўніцтва В’етнама, як і мы, усведамляе небяспеку пагроз, якія зыходзяць ад міжнароднага тэрарызму”, — адзначыў тады Вальфовіч.

25 кастрычніка 2025 года года ў Ханоі міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў і генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Лам (з 7 красавіка 2026-га — прэзідэнт краіны) абмеркавалі барацьбу з транснацыянальнай злачыннасцю, кіберзлачынствамі, наркагандлем, нелегальнай міграцыяй, а таксама супрацу ў сацыяльна-эканамічнай сферы.

Незадоўга да Кубракова В’етнам наведваў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

То Лам наведваў Мінск у траўні 2025 года. На сустрэчы з ім Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць аднавіць пастаўкі ў В’етнам прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.

Увосень 2024 года стала вядома, што былы ваяр палка імя Кастуся Каліноўскага Васіль Верамейчык быў затрыманы 13 лістапада ў Хашыміне (В’етнам) і пасля дастаўлены ў Беларусь пад канвоем. У лістападзе 2025-га мужчына быў прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Падзяліцца: